Вядомыя асобы з Самойлавіч
Алесь Сураў, нарадзіўся ў 1960 годзе, у месьце Бяроза, але жыў у вёсцы Самойлавічы. Закончыў Менскае мастацкае вучылішча імя А. К. Глебава. Мастак, жыве ў Горадні. Працаваў у Гарадзенскім драматычным тэатры лялек. Затым працаваў у Гарадзенскім абласным драматычным тэатры. Глядзі таксама: тут.(вы зараз – мастак-пастаноўшчык у драматычным тэатры?
Я – пастаноўшчык, які робіць эскізы дэкарацыяў, эскізы касьцюмаў да любога спектакля, які даюць мне ставіць… А майстэрні па бутафорыі, ці швейныя майстэрні працуюць ужо па маіх эскізах, то бок фактычна дэкарацыі любога спектакля, даручанага мне, і касьцюмы актораў – гэта «я») і тут.
Пра Алеся Сурава можна сьцягнуць зь сеціва: тут.
|
1933 - 2013 беларускі пісьменьнік, жыў у Менску. |
Кароткія зьвесткі
Мікола Аляксандравіч Дубоўскі нарадзіўся ў 17 студзеня 1933 годзе ў вёсцы Самойлавічы (зараз яе няма, бо стала часткаю места Бяроза, Бярозаўскага раёна, Берасьцейскае вобласьці). Пісьменьнік. Член Саюза беларускіх пісьменнікаў. Вучыўся ў школе, што ў Самойлавічах. Вучыўся пад час Другой Сусьветнай вайны. Цікавае, што за чатыры гады вайны гэтая школа была польская, украінская, беларуская. Пасьля вучыўся ў Бярозе. Адвучыўся 10 гадоў. Закончыў Берасьцейскі педагагічны інстытут імя А. С. Пушкіна (спецыяльнасць "Выкладчык беларускай мовы й літаратуры"). Настаўнічаў на Браслаўшчыне (Віцебская вобласьць), працаваў у газетах "Зара" (Берасьце), "Чырвоная зьмена", з 1959 – інспэктар прадпрыемства "Белсаюздрук", г. Менск. Памёр 11 траўня 2013 году. Пахаваны ў Менску на могілках "Усходнія". (крыніца).
Пісаў нарысы, апавяданьні, аповесьці на ваенную й даваенную тэматыку. Аўтар кніг “Першая прыступка” і “Шапэн”. Большасьць твораў мае аснову з уласнага жыцьця. Апавяданьне “Пасьля сьвітанку” мае прысьвячэньне “памяці майго бацькі Аляксандра Пятровіча”. Падзеі адбываюцца на Берасьцейшчыне: “сяло Троіцкае, куды чатыры гады таму назад Сенька прыехаў разам з маці зь Берасьця ў бежанцы, два дні таму назад адбілі ў белапалякаў чырвоныя кавалерысты. Двое зь іх пасяліліся ў доме гаспадара і Сенька адразу пасябраваў зь імі. Таму, калі гаспадар ціха паклікаў яго ў пуню і загадаў весьці кабылу ў начное, не хацелася зь імі раставацца”.
Крыніцы:
Грымотнае ранне : аповесць / М. Дубоўскi. Партрэт cалдата : апавяданнi / В. Ткачоў. — Менск, 1984.
Шапэн : аповесці і апавяданні / Мікола Дубоўскі. — Менск, 1994.
Чысціню і хараство нашым гарадам і вёскам! [Выяўленчы матэрыял] : [плакат] / мастак В. Берын; тэкст Н. Дубоўскага. — Менск, 1979. (Форма імя: Дубоўскі Н.)
Чытаць аповед "У кожнага свая вайна": можна тут.
Сьцягнуць аповед "У кожнага свая вайна": можна тут.
Аповесьць у апавяданьнях "Шапэн"
Галоўная постаць аповесьці малады настаўнік Максім Гаворка, які прыехаў на Браслаўшчыну вучыць дзяцей. Падзеі адбываюцца дзесьці у канцы 1940-ых гадоў. Аднак яму наканавана лёсам іншае. Не па сваёй волі ён становіцца ахвярай жорсткай барацьбы паміж бальшавікамі-НКУСаўцамі і праціўнікамі бальшавікоў. Максім Гаворка разам са сваім сябрам біёлягам Паўлам Максімавічам Застаноўкам едзе гасьціць на хутар сям'і Бурачэўскіх. Аднак яны вымушаныя цякаць адтуль, бо там жыве чалавек, які ненавідзіць бальшавікоў. Гаворка і Застаноўка вымушаныя хавацца ад стрэлаў гэтага чалавека па мянушцы "Шапэн". Дайшоўшы да вёскі Дранічы жывымі Застаноўка бяжыць да НКУСаўцаў і вяртаюцца на хутар, дзе ўсе Бурачэўскія гінуць.
Але на гэтым барацьба не заканчваецца. У ваколіцах Дранічаў існуе цэлы аддзел праціўнікаў бальшавікоў. Тройчы цудам Максім Гаворка застаецца жывым (яго паляць страляюць, вешаюць). Пад канец Застаноўка гіне. Праз некаторы час М. Гаворка ідзе служыць у войска ў савецкай Латвіі. Пад час службы забіваюць каравульнага. Ён разам са сваімі таварышамі гоніцца за тымі, хто забіў каравульнага. Яны адстрэльваюцца. Гінуць яго таварышы. Гаворка бярэ ў палон аднаго з нападаючых. Гэты чалавек быў з тых, хто Гаворку паліў і хацеў забіць на Браслаўшчыне. За палон Гаворку абяцаюць водпуск, але неўзабаве яго арыштоўваюць. Затым катуюць у НКУС і адпраўляюць на 25-ць гадоў у лагеры. Пасьля сьмерці Сталіна Гаворку вызваляюць і ён вяртаецца ў Дранічы.
Аповесьць "У завейную ноч"
Галоўная постаць - Багун. Ён савецкі падпольшчык, што ваюе дзесьці ў ваколіцы Слуцку зь немцамі пад час нямецка-савецкай вайны (1941-1945). Немцы забіваюць яго сям'ю і бяруць у палон яго дачку. Багун урываецца ў хату, дзе сядзіць яго дачка. За ім гоняцца паліцыянты. Даганяюць і забіваюць. Дачка засталася жывой і пападае да савецкіх падпольшчыкаў.
Апавяданьні: "Васілёк і Яніна", "Канлагар", "На дапамогу".
Аповесьць "Грымотнае раньне"
Галоўная постаць - Васіль Якубоўскі. Малы хлопец, што жыве ў вёсцы Самойлавічы ў 1930-40 гадоў. Мікола Дубоўскі расказвае, як ён вучыцца ў польскай школе. Як вызваляюць вёску савецкае войска ў 1939 годзе. Як ідзе вайна зь немцамі і пра забойствы людзей. Як іх вызваляе савецкае войска.
Аповесьць "У кожнага свая вайна"
Тры дні навабранцы елі і спалі. Досыць клопатаў было толькі ў гаспадарнікаў. На чацьвёрты дзень раніцаю на двор завіталі людзі ў цывільным. Спачатку яны трымаліся асобна, нечага чакалі. Калі атрад стаў у калону, маёр аб’явіў:
–У Варшаве ў тунэлях многа нашых. Іх трэба выратаваць, непрыкметна вывезьці ў лясы. Падзелімся на групы. У кожнай будзе свой праваднік, – Лэнза паказаў на цывільных.
Кужэльны і букавінец трапілі ў дзясятку, якую павёў пажылы варшавяк. Калі адышлі ад Гэрліху, ён спыніўся і паведаміў:
–Да Варшавы два дні пешага шляху. Ісьці будзем пераважна ноччу, бо немцы ля самага гораду і ў яго навакольлі дужа пільныя. Рускія вось-вось пачнуць наступленьне і прабрацца на бераг Віслы стане яшчэ цяжэй. Над ракою ўвесь час вісяць ракеты. А трапіць нам туды трэба абавязкова – там выхад гарадскога калектара, праз які дасягнем падзямельля. Разумею, што вельмі рызыкоўна, але іншага шляху ўратаваць паўстанцаў няма. – Праваднік уздыхнуў, нейкія хвіліны маўчаў, пэўна, чакаў, што хто-небудзь нешта скажа. Ніхто не азваўся.
Ішлі, як і раней, лесам, праз ноч ён парадзеў, і ўсе ўбачылі засьнежаную, пакрытую лёдам раку. Гэта была Вісла. Па-над ёю цягнуліся лазьнякі, дзе-нідзе бераг рабіўся высокім, а затым зьніжаўся. Часта даводзілася далёка адыходзіць ад русла, абыходзіць восеньскія разьлівы. Часам доўга адседжваліся ў лазьняках, бо недзе непадалёку раўлі маторы, бухалі гарматныя стрэлы. Праваднік нічога не тлумачыў. Харчаваліся нямецкімі кансервамі, якія па пяць бляшанак на чалавека выдалі ў Гэрліху.
Пад раніцу трэцяй, як пакінулі Гэрліх, ночы прыйшлі да месца. Было цёмна. З аднаго боку сьцішана хлюпала, з другога – над галовамі вісеў абрывісты бераг. Ішлі пад ім, ціснуліся да яго, калі на ваду клаўся доўгім слупам прамень пражэктара. Сьвятло мацала раку, яе берагі і ўзьнімалася ўгару. Затым у неба з шыпеньнем ляцелі ракеты. Праважаты пры сьвятле даваў знак спыніцца. Як толькі рабілася цёмна, ішлі далей. Так цягнулася з гадзіну. Нарэшце наперадзе ў сьвятле ракеты ўбачылі лазьнякі. Праваднік спыніўся і пачаў мацаць высокі бераг. Усе асьцярожна ступалі за ім.
–Тут, – ціха сказаў ён. – Зараз, калі засьвеціць ракета, убачыце. Патухне – палезем.
Ракета, як пачула яго, зашыпела і высьвеціла ў беразе адтуліну, вышынёю больш за метр. Яна нагадвала верх занесенай рачным ілам старой цаглянай брамы.
–Лезьце за мной і трымайце напагатове зброю, бо тут могуць быць і немцы, – цывільны прыгнуўся і ступіў у калектар. Праз некалькі крокаў адтуліна пашырэла, ведучы ўглыб. Праваднік выняў з-за пазухі невялікі газавы ліхтар і запаліў яго:
–Мы ў галоўным калектары. Мяне клічуць Адам Турэвіч. Калі немцы захопяць, – я вас ня ведаю, а вы – мяне. Сустрэліся ў падзямельлі. Зразумелі?
Усе прамаўчалі, і Турэвіч рушыў далей.
Пад нагамі булькацела вада, пахла затхласьцю і сырасьцю, але было зацішней і цяплей, чым там, на беразе. Калектар, наколькі яго выхоплівала сьвятло ліхтара, пралягаў проста. Праз роўныя адрэзкі ад галоўнага каналу адгаліноўваліся рукавы. Там таксама струменіла вада. Прайшлі яшчэ нейкі адцінак шляху і прыкмецілі падвышэньне. Турэвіч дастаў з кішэні складзены аркуш паперы, разгарнуў яго, паднёс да вачэй, а ягоныя спадарожнікі паселі на сьлізкі дол, падклаўшы пад сябе хто што – аўтамат, карабін, рукавіцы, рэчмяшок.
–У план глядыць – боіцьця заблудыціся, – букавінец заварушыўся ля Кужэльнага і смачна пазяхнуў. Сьцяпан Пятровіч змаўчаў, толькі часьцей засмактаў самакрутку тытуню, на якую толькі што разжыўся ў хлопца Антоніка. Кужэльны ўбачыў ягоны хатуль і зразумеў, чаму той так моцна соп ззаду. Рэчмяшок юнака быў пад завязку наладкаваны патронамі.
Далей зноў ішлі нікуды не зварочваючы, хоць на шляху трапляліся ўсё тыя ж адгалінаваньні. Калектар пачаў паглыбляцца. На мокрых ходнічках ногі сьлізгаліся, як на гладкім лёдзе. Насьцярожаная цішыня ды аднастайнае булькатаньне вады сьведчылі, што тут – глухое бязьмежжа пустаты. Букавінец зрэдку мармытаў пра сябе:
–Мо дарымна мы піўзаем. Тут, мабуць, ні тых піўстанціў, ні німціў нэма.
Яму не адказвалі. Турэвічаў ліхтар плыў па скляпеньні. Раптам наверсе загрукатала. Праваднік спыніўся.
–Над намі пяць метраў, а то і больш. Мо швабы б’юць па мурах, а мо… – Ён не дагаварыў, бо ў гэты момант грымнула так моцна і працяжна, што са столі паляцеў мокры мох і вострыя аскепкі цэглы. Бухнула яшчэ. Усе застылі ў страху, прыслухаліся. Грукат паўтарыўся, але аддалена. Толькі зрушылі з месца, як Турэвіч узьняў руку, даючы знак спыніцца.
–Чую, бягуць! Падрыхтавацца да бою! – праваднік схаваў за пазуху ліхтар, – мо нашы, а мо і немцы.
Заляскалі замкі вінтовак і аўтаматаў, наступіла трывожнае чаканьне. Тупат невядомых набліжаўся. Удалечыні ўзьнікла сьвятло. Яно спачатку плыло па столі, а затым заліло сьцены, асьляпіла вочы.
–Швабы! – убачыў факелы Турэвіч і стаў страляць, а за ім усе астатнія. Калектар запоўнілі дым і выкрыкі па-нямецку. Страляніна цягнулася некалькі хвілінаў. Сьвятла паменела.
–Кладзіся! – закрычаў Турэвіч. – Зараз ачомаюцца. – Яго словы заглушыла доўгая кулямётная чарга. Запальныя кулі завізгаталі над імі, выбіваючы кускі цэглы, што, як шрот, разьляталіся ў розныя бакі. Да кулямётных стрэлаў далучыліся аўтаматныя. “Хлопцы! Назад да адгалінаваньня!” – прарваўся праз клёкат стральбы Турэвічаў крык.
Група па бруднай вадзе адпаўзла назад. Сьвятло факелаў зноў загойдалася, заскакала па столі і сьценах. Ніхто ня бачыў, дзе тое адгалінаваньне, а толькі імкнуўся хутчэй адпаўзьці...
Нейкі час група, трохі супакоіўшыся ад перажытага, ішла назад. Турэвіч наперадзе сьвяціў і старанна разглядаў разгалінаваньні, але ня збочваў. Было зразумела, што ён цяпер кепска арыентуецца і шукае знаёмы шлях. Тым часам прыціхлая кананада пачала ўзмацняцца – яе грукат дужэў і зноў набліжаўся. Раптам праваднік спыніўся:
–Глядзіце! Здаецца, там людзі. Гэй, хто вы? – ён памахаў ліхтаром. У сьвятле азначыліся тры постаці. Яны, трымаючы адно аднаго, ледзь рухаліся насустрач.
– Варшавякі мы. Хаваліся тут ад налёту.
– Нямецкага?
– Не. Бальшавікі Варшаву бяруць. Там усіх заваліла, а мы… – той, хто гаварыў, захістаўся, Турэвіч падтрымаў яго.
– Хлопцы! У каго бінт? Трэба іх перавязаць.
Разам з параненымі накіраваліся далей у пошуку выхаду з калектару, але праз колькі метраў спыніліся – наперадзе дыхаў дымам і пылам абвал. Вярнуліся на ранейшае месца, чакалі, бо Турэвіч зноў шукаў адгалінаваньне, па якім можна выйсьці з падзямельля. Урэшце знайшоў. Канал быў вузейшы, бяз ходнічкаў, таму пайшлі проста па вадзе, якая месцамі бралася вышэй за калені. На яе ніхто не зважаў – імкнуліся як мага хутчэй выбрацца ў больш-менш ціхае месца, дзе не варушыцца цэгла і ня так страшна грукоча наверсе. Сьцяпан Пятровіч ня зводзіў вачэй з ліхтара Турэвіча і не зьвяртаў увагі, што нехта за ім стогне, просіць у Бога ратаваньня. Пры пераходзе аднаго месца групу зноў напаткаў дым, які плыў са шчылінаў столі каналу, лез у вочы і рот. Нарэшце апынуліся на пляцоўцы, ад якой у розныя бакі пачыналіся два адгалінаваньні. Пасярэдзіне яе вілася ўверх жалезная лесьвіца і сваімі канцамі ўпіралася ў круглую столь з бетону. Але ў ёй дзіркі не было. Турэвіч агледзеў верх, прыслухаўся.
–Тут бясьпечней. Бетон – ня цэгла. Яго залілі, відаць, перад вайной. А лесьвіцу пакінулі для гісторыі... – Турэвіч заспакойваў сябе і сваіх спадарожнікаў. Усе паселі на халодную і мокрую падлогу. Параненыя варшавякі, якія дагэтуль хоць як яшчэ трымаліся, а тут зусім здалі, трызьнілі, прасілі вады.
Сьцяпан Пятровіч дастаў тэрмас, наліў кіпеню, стаў паіць параненых. Турэвіч, гледзячы ў сваю талерку, каторы раз спрабаваў вызначыць месца знаходжаньня.
Потым зноў тупалі па вузкім адгалінаваньні. Як і раней, пад нагамі хлюпала, а наверсе грукатала. Ліхтар правадніка выхопліваў то столь, то сьцены са старой цэглы, заімшэлай і вільготнай. Турэвіч намагаўся ўбачыць хоць які люк, а канал, як на бяду, быў глухі і бясконцы. Але варшавяк не губляў надзеі – упарта мкнуў наперад. Група плюхала і плюхала па вадзе досыць доўга, і раптам сьвятло ліхтара здаля выхапіла парэнчы лесьвіцы. Праваднік радасна ўскрыкнуў і засьпяшаў туды. Калі наблізіліся, пераканаліся, што не памыліліся: сапраўды – гэта быў выхад з калектару. Турэвіч па прыступках падняўся пад столь і ўважліва асьвяціў іржавы люк:
–Мы пад Старым мястам. Такія адтуліны толькі пад ім. Паспрабую адчыніць. – Ён падняўся вышэй, нагнуў галаву і, ухапіўшыся за парэнчы рукамі, стаў ціснуць плячыма на жалезнае вечка. У падзямельле дыхнула сьвежым марозным паветрам, звонку чуўся моцны гул, трэск і грукат. Праваднік высунуўся на паверхню да пояса. Усе назіралі за ім.
–Там ноч. Наўкола бухаюць снарады. Пачакаем раніцы, а тады і вызначымся, як быць.
Праваднік адыйшоў ад лесьвіцы і прысеў ля сьцяны, дзе было меней вады. Навабранцы маўчалі як анямелыя. Выбухі сталі мацнейшымі, падалося, што столь нібы заварушылася. Затым данёсься пранізьлівы сьвіст, і грымотны выбух страсянуў падзямельле. Турэвіч падняў над галавою ліхтар і дзіка закрычаў:
– Бяж-ы-ы-ым… – яго голас перакрыў новы выбух.
Цагляная столь раскалолася і буйнымі глыбамі паляцела на галовы людзей. За ёю зашаргацела, як вада, што прарвала дамбу, зямля...
Кужэльны прыйшоў у сябе, калі адчуў, што на ягоныя грудзі цісьне нешта моцна і балюча. Паварушыў галавою, і з твару, быццам мокрая ануча, спаўзла сырая зямля. Дыхаць было цяжка. Нейкі момант ня мог уцяміць, дзе ён і што з ім. Вочы нічога ня бачылі – стаяла суцэльная цемень. У галаве і вушах – бясконцы гул. Паварушыў рукою, выцягнуў яе з зямлі і стаў мацаць грудзіну. Далонь натыкнулася на нешта цьвёрдае. Правёў па паверхні і здагадаўся, што гэта кавалак столі. І тут памяць вярнулася да яго. Сьцяпан Пятровіч зразумеў, што адбылося. Ад усьведамленьня, што ён завалены ў падзямельлі, халодны пот паплыў па твары. Нейкі момант ён ляжаў нерухома. Адчуў холад, спрабаваў варушыцца і ня мог – непадуладнае цела было, як у пастцы.
–Канец! – навярнуліся сьлёзы, і ён закрычаў. Але голасу свайго не пачуў, толькі яшчэ мацней загуло ў вушах. –Тут і сканаю. Ніхто ніколі ня знойдзе нават косьці, – у яго галаве праносіліся думкі адна страшнейшая за другую, – Божа, калі ты ёсьць, дапамажы мне. – Ён зноў намагаўся адчуць сваё цела, але дарэмна – яго як не было. Зьнямогся і заціх. Сьвядомасьць паступова адыходзіла і наплывала дзіўнае забыцьцё. Прытомнасьць вярнулася, калі ён пачуў наверсе моцныя выбухі. Зноў пасыпалася зямля. Вызваленаю рукою Кужэльны зьмятаў яе з твару, а яна ўсё сыпалася і сыпалася. Так цягнулася, пакуль выбухі не аддаліліся і не аціхлі. Калі Кужэльны зноў выслабаніў твар, яго нібы асьляпіла. Зажмурыўся і доўга не адважваўся глянуць – ня верыў, што аднекуль пранікла сьвятло. Потым усё ж адкрыў павекі і ўбачыў уверсе над сабою, ня больш чым у метры, дзірку.
“Выйсьце! – радасна забілася сэрца. – Трэба адкопвацца!..” Кужэльны адгроб зямлю з грудзей і стаў саштурхваць цагляны кавалак столі, напружыўся і з сілаю ссунуў яго ўбок. Дыхаць палягчэла. Нейкі момант адпачываў, а потым стаў адкопваць другую руку. Спачатку ён не адчуваў яе, затым у далоні, пальцах закалола, запякло, і рука ажыла. Аддыхаўшыся, Кужэльны ўпёрся локцямі і прыўзьняў тулава. У сьпіне нешта балюча хруснула. Ён яшчэ раз намогся і сеў. Доўга глядзеў на дзірку і радаваўся – зьявілася ўпэўненасьць, што ўратуецца.
Высока над галавою вісела шэрае неба, з якога падаў сухі сьнег. Сьцяпан Пятровіч абапёрся на рукі і вылез з падзямельля. Ад сьвежага паветра закружылася галава, працяў холад.
Страляніна наўкола то мацнела, то цішэла, але не перапынялася. Кужэльны не рызыкнуў адразу вылезьці з ямы, па-над якой віднеліся муры. З-за іх клубіўся чорны дым, рэзка пахла гарэлым. Ён адпоўз убок ад свайго лазу і вырашыў чакаць да цемры. Час ішоў марудна. Кужэльны, скурчыўшыся, ціснуўся да халоднай зямлі, пераварочваўся то на адзін, то на другі бок, каб хоць неяк сагрэцца.
З надыходам вечару крыху аціхла, і Кужэльны пачаў выбірацца з ямы наверх. Пасьля некалькіх спробаў яму ўдалося ўхапіцца за край варонкі і апынуцца ля тае сьцяны, што бачыў зьнізу. Аддыхаўся, пачаў рухацца ўздоўж муру, мацаў рукамі, каб знайсьці ўваход. Непадалёку за сьцяною Кужэльны выразна пачуў гаворку на польскай мове.
–Давай пакурым, Франэк, – сіпеў нехта побач. – Мо яны на нас больш не палезуць. Рускія з плошчы іх выбілі.
–Пэўна, так, ціха ж… Руская артылерыя паўдня малаціла то па швабах, то па нас. Сувязістаў на тым месцы сьцяной накрыла. Добрыя хлопцы, шкада… Гарэлка ў іх была. Частавалі, калі дрот туды цягнулі. Цяпер нам бы яе, каб пагрэцца.
–На! – чыркнула запалка і запахла тытунём. Кужэльнаму раптам вельмі захацелася закурыць, і ён памкнуўся далей. Зрабіў некалькі крокаў і ўвайшоў унутр разбуранага будынку.
–Хто тут? – той жа сіплы голас прагучаў у цемры.
–Свой я, хлопцы.
–Глядзі, краёвец! – запалка асьвяціла Кужэльнага. Ён убачыў вайскоўца ў польскай форме і рагатыўцы.
–Адкуль узяўся?
–З ямы, што тут, блізка… ад бомбы. Дайце закурыць.
–А туды што, разам з бомбаю? – падаў у рукі Кужэльнаму цыгарэту вайсковец.
–Мы былі там, пад зямлёю. Усіх нашых заваліла, а я выпаўз.
–Што, прабіла да скляпеньня?!
–Дастала, – смачна цягнуў цыгарэту Кужэльны.
–А мы з Арміі Людовай, чуў пра такую? З рускімі Варшаву вызваляем. Тут другія суткі тырчым. швабы на нас лезьлі, каб прарвацца з акружэньня. Заставайся пакуль што з намі.
Новыя знаёмыя пачаставалі Кужэльнага мерзлым хлебам, далі з біклагі вады. Затым усе трое забіліся ў кут разьбітага дома, ціснучыся адзін да аднаго, драмалі да раніцы. Калі разьвіднела, Кужэльны ўгледзеў насупраць муроў вуліцу, суцэльна ўсланую бітай цэглай і шклом. Было ціха, здавалася, што тут больш нікога няма. Але праз нейкі час з муроў на вуліцу высыпалі польскія жаўнеры. Яны абдымаліся і крычалі, што Варшава вольная – немцы ўцяклі. Дзесьці на бліжэйшых вуліцах моцна грукаталі танкі. Задымілі вогнішчы, запахла ежай. Аднекуль зьявіліся цывільныя людзі, яны кармілі вайскоўцаў хлебам, кілбасою, а адна бабулька прыхапіла вялікую каструлю гарбаты і налівала кожнаму, хто што падстаўляў. Кужэльны трымаўся сваіх новых знаёмых вайскоўцаў. Весялосьць расла, шырылася. Франэк кудысьці ненадоўга адлучыўся, вярнуўся досыць вясёлым, кінуў пад ногі Кужэльнаму кажушок і канфедэратку:
–Пераапранайся! На цябе страшна глядзець. Будзеш з намі.
Захмялелыя вайскоўцы сьвяткавалі перамогу нядоўга. Хутка на вуліцы зьявіўся коньнік-афіцэр. Ён пытаўся:
–Якая рота, полк?
–Першая, другая, чацьвёртая, пяты, першы, – крычалі вайскоўцы.
–Хто старшы?
–Няма, загінулі, – адказвалі жаўнеры.
–Прозьвішча? – паказаў ён нагайкаю на маладога захмялелага вайскоўца.
–Станіслаў Шугайскі, – засьмяяўся хлапец.
– Будзеш старшым.
– Ёсьць, – шчоўкнуў абцасамі Шугайскі.
Коньнік усьміхнуўся і сказаў:
– Выводзь людзей на пляц Волі. Там зьбіраецца дывізія.
Дзень прайшоў у мітусьні. Некалькі разоў станавіліся ў шарэнгі, пераходзілі з месца на месца, нечага чакалі. Начаваць Шугайскі прывёў сваіх людзей да крытых грузавікоў і загадаў у іх уладкоўвацца. Сьцяпан Пятровіч і яшчэ некалькі жаўнераў забраліся пад брызент студэбекера, прымасьціліся на снарадных скрынях і паснулі.
На наступны дзень пасьля сьнеданьня сталі ў шарэнгі, ізноў усіх перапісалі і разьбілі на ўзводы і роты. На нейкі момант выглянула сонца. Заблішчэла на шкле машын, асьвяціла чорную ад копаці брукаванку і схавалася за хмары. Зацерушыў сьнег з дажджом. Падняўся вецер. Сьвістаў у абарваных правадах, ляскаў адчыненымі вокнамі ў паўразбураных дамах, падхопліваў сьмецьце, кружыў яго, затым імчэў па прылеглых вуліцах, дзе з плошчы выцягваліся калоны вайскоўцаў, за імі вурчэла, грукатала тэхніка. Апоўдні быў загад двум узводам, у адным з якіх апынуўся Кужэльны, пагрузіцца на студэбекеры. Машыны досыць доўга выбіраліся з разьбітай і амаль у суцэльных пажарах польскай сталіцы, і затым узялі накірунак у бок Балтыкі. За горадам пабеглі засьнежаныя палі, далёкія сёлы і лясы. Машыны раўлі, калыхаліся на выбоінах. У брызент біў сустрэчны вецер, што гнаў насустрач сьнег з дажджом. Жаўнеры драмалі, абапёршыся хто на карабін, аўтамат, а хто і прылёгшы на скрынкі з харчам і боепрыпасамі. Ня спаў толькі Кужэльны, хаця ў яго не было ніякіх думак – перажытае прытупіла пачуцьці. Гледзячы на афіцэраў у белых кажухах і рускіх шапках з арламі, на дарогу, якая з-пад колаў бегла назад, ён толькі мімаходзь прыгадаў, што, пэўна ўжо, Наста атрымала зьвестку аб ім і сплакалася да зьнямогі. Але ранейшае, тае тугі па доме не адчуў. Пачуцьцё радасьці ад таго, што застаўся жывым, было яшчэ сьвежым.
Афіцэры курылі і ціха размаўлялі. Пра што, Сьцяпан Пятровіч з-за гулу рухавікоў, шуму ветру ня мог разабраць. Даносіліся асобныя словы: “мора” і “Балтыка”.
На сьвітанку машыны выпаўзьлі з лесу і ехалі ўздоўж берага Балтыйскага мора. Ззаду заставаліся засьнежаныя дзюны, часам бачныя былі абгарэлыя вайсковыя грузавікі, разьнесеныя ўшчэнт нямецкія гарматы і іншая тэхніка. Дзе-нідзе валяліся зацярушаныя сьнегам трупы немцаў. Усё нагадвала аб вайне, якая тут толькі-толькі адкацілася на захад.
–Куды едзем? – за ноч жаўнеры адаспаліся і сталі дапытвацца ў афіцэраў. Тыя адгаворваліся жартам, але дакладна нічога не тлумачылі.
А другой палове хмарнага дня машыны спыніліся перад калючым дротам, які мацаваўся на бетанаваных слупах. За ім бачыліся цагляныя аднапавярховыя казармы і іншыя пабудовы. Студэбекеры павярнулі ў бок мора, мінулі расчыненыя насьцеж вароты і спыніліся перад першым будынкам.
Жаўнеры выгрузілі з машынаў харч, амуніцыю, іншы рыштунак і сталі гадаць, куды іх прывезьлі.
–Тут – ваенна-марская база, – стаў тлумачыць пажылы вайсковец. – Вунь бачыце і шырокі канал з мора ідзе ў тую доўгую будыніну.
–Не, хутчэй – завод, дзе немцы нешта выраблялі і гэтаю канаваю вывозілі, – запярэчылі яму некалькі жаўнераў. Спрэчка разгаралася. Іх перапынілі афіцэры, якія вярнуліся да машын.
Чарнявы, гадоў за трыццаць капітан Кавальскі, у ладна падагнаным па яго фігуры вайсковым кажушку і бліскучых чобатах, прайшоўся дапытлівым позіркам па тварах жаўнераў, а потым ледзь прыкметная ўсьмешка кранула яго вусны.
–Можа, на гэтай базе дабудзем да канца вайны, – сказаў ён. – Калі пашанцуе. Тут зьбіраліся і адплывалі адсюль падводныя лодкі вермахту для выкананьня самых адказных заданьняў. У вышэйшага савецкага і нашага камандаваньня ёсьць меркаваньне, што немцы ў гэтым месцы схавалі сакрэтную дакументацыю, а мо і самыя лодкі. Завод – пад зямлёй і наўмысна затоплены. Ня выключана, што немцы, калі для іх наступіць крытычны час, сюды зьявяцца, каб забраць свае скарбы. Мы, чаго б нам ні каштавала, абавязаны не пусьціць іх сюды, зьнішчыць. На базе ўсе сістэмы жыцьцязабесьпячэньня не парушаныя. Значыцца, нездарма. З усіх бакоў – доты, якія злучаныя бетанаванымі траншэямі. Так што, хлопцы, трэба глядзець і на мора, і на сушу. Могуць з вады зьявіцца і зьверху – выкінуць дэсант. І дапамажы, як кажуць, нам Божа…
Пакуль абжывалі новае месца, адладжвалі быт, прайшло больш за месяц. У лютым задзьмулі з мора моцныя вятры. Жаўнеры несьлі варту ў дотах і траншэях і, хоць былі няблага апранутыя, вельмі мерзьлі. Вярталіся ў казарму і адразу ціснуліся да грубак, якія палілі вугалем, што застаўся ад немцаў. Харчаваліся сыта – бо ў адным памяшканьні знайшлі многа кансерваў, мукі, бобу і нават селядцоў у сьпецыяльных бочках. Хапала і зброі – у кожным доце на сьпецыяльных бетанаваных платформах стаялі станкавыя кулямёты. Дзейнічала тэлефонная сувязь, штоноч сьвяцілі ў розных напрамках ад базы пражэктары.
–Будзьце ўважлівымі і пільнымі, – штодня, адпраўляючы на варту нарад, папярэджваў паручык. – Зьвяртайце ўвагу на самае, здавалася б, нязначнае.
Ужо многім надакучыла чуць кожны раз адно і тое ж. У дотах ці траншэях думалі, гаварылі больш аб доме, і аб папярэджаньні Кавальскага ўспаміналі рэдка, бо сумняваліся, што сюды заявяцца немцы. Больш аб гэтым спрачаліся толькі шараговыя Чэсь кажухоўскі і Пётра Забаўскі, асабліва калі разам траплялі на варту.
У канцы сакавіка прыкметна пацяплела. Дні выдаваліся сонечнымі. Вольныя ад службы жаўнеры грэліся ля казармы ў зацішку. Ужо амаль перасталі ўспамінаць пра тое, што калісьці сказаў Кавальскі. Жылі адным нясьцерпным чаканьнем канца вайны. А што ўсё ж ён набліжаецца, верылася больш і больш. Фронт адсунуўся далёка ад межаў Польшчы. Баі ішлі на тэрыторыі Германіі. Пра гэта цяпер ведалі ўсе, бо штодня бегалі да сувязістаў паслухаць зводку. Сьцяпан Пятровіч таксама радаваўся прыемным весткам, але ў душы яго расла трывога. У такія хвіліны ён непрыкметна адлучаўся ад саслужыўцаў і хадзіў у адзіноце з аднаго канца базы ў другі. “Як мне быць? – пытаўся ў сябе, – калі прыйдзе час вяртацца дамоў. Мо застацца ў Польшчы, прыжыцца, а потым пра сябе даць вестку сваім?”
Некалькі разоў Кужэльны спрабаваў напісаць ліст Насьці, каб перадаць яго праз кіроўцаў, што прывозілі пошту, грошы і тое-сёе з харчу. Але ня мог, бо ўпэўніў сябе, што жонка даўно лічыць, што загінуў, і нечакана ўваскрасаць, вось так – для яе і яго самога, пэўна, яшчэ ня час, а мо і небясьпечна.
У пачатку красавіка лёд на моры пачарнеў, зрабіўся крохкім. У многіх месцах заблішчэла вада. З дзюнаў зьнік сьнег. Сосны, што расьлі за імі, у пагодлівыя дні бачыліся сьвежымі, быццам іх адмылі ад зімовай смугі. На сонцапёку зазелянела трава. Адной ноччу, калі дзьмуў моцны вецер, прыбярэжны лёд зламаўся, і хвалі панесьлі яго ў мора. Раніцаю наступнага дня ўсе былі прыемна зьдзіўленыя, калі ўбачылі чыстую ваду. Мора дыхала на поўныя грудзі, весела гнала на пясок белую пену. Кужэльны падоўгу, калі быў на варце, не адрываў вачэй ад бясконцай воднай прасторы.
У адзін з ціхіх надзвычай цёплых надвячоркаў Кужэльны, Забаўскі, Кажуховіч і сталых гадоў Юзэф Наварскі сталі на варту з боку мора.
–Усё, хлопцы, лічы, зіма капітулявала, – сказаў Забаўскі, які вярнуўся з абходу свайго адцінку траншэі. – Адчуваеце – з мора дыхае цяплом?
Кужэльны выйшаў да доту і сапраўды адчуў цяплынь. Раптам ён убачыў над морам шнурок журавоў, сарваў шапку і замахаў ёю. Наварскі, які таксама з доту памкнуўся за Сьцяпанам Пятровічам, закрычаў: “Журавы! Родныя птахі!”
–Што, немцы? – Кажухоўскі пачуў іх галасы і стрымгалоў выляцеў з доту.
–Журавы! – Кужэльны паказаў на птушак рукою.
–А там што? – перавёў бінокль на мора Кажухоўскі. Кужэльны і Наварскі таксама прыставілі да вачэй свае біноклі.
–Баржа, – сказаў Наварскі. – Пэўна, прыгнала хвалямі.
–Учора там нічога не было, – насьцярожыўся Забаўскі, які пачуў, пра што размова і глядзеў таксама з амбразуры доту на мора. – Патэлефаную паручыку Куроўскаму…
Тры дні ўсе, хто нёс варту, сачылі за баржай. Яна то набліжалася, то аддалялася. Потым як забыліся на яе, бо зводкі з фронту захапілі ўвагу ўсіх, хто быў на базе. Радыё паведамляла пра ўпартыя баі на подступах да Берліну. У казарме і на варце толькі і гаварылі пра канец вайны ды чакалі паведамленьня аб узяцьці сталіцы Рэйха.
Праз колькі дзён Кужэльнаму, Забаўскаму, Кажухоўскаму і Наварскаму зноў выпала разам несьці варту ў тым самым месцы, з якога ўбачылі баржу. Гэты дот быў непадалёку ад каналу, што выходзіў у мора. Многія хадзілі туды паглядзець на прыступкі, якія ішлі ўніз і зьнікалі ў вадзе. Спусьціцца ў ваду па іх ніхто не адважваўся. У поўдзень, калі мора праглядвалася далёка, Кужэльны ўзьлез на купал доту і доўга глядзеў на баржу. Раптам зьдзівіўся – на моры ўздымаліся высокія хвалі, а яна ня зрушвала з месца, як быццам там яе прымацавалі наглуха да дна.
Аб сваім адкрыцьці Сьцяпан Пятровіч сказаў Забаўскаму.
–Гэта цікава. Значыцца, там хтосьці ёсьць і апусьціў якар. – Забаўскі глядзеў на баржу, выказваў свае меркаваньні, – інакш пры такіх хвалях яна калі не плыла б, то гойдалася ці паварочвалася. А стаіць, як быццам на сушы. Не спускай з яе вачэй… Я паведамлю афіцэрам.
Камандзіры зноў назіралі доўга з пражэктарнай вышкі за баржай, затым сьпешна спусьціліся ўніз.
Хутка ўсе, хто быў з Кужэльным, убачылі, як з каналу на вялікую ваду выплыла шлюпка. У ёй былі чатыры жаўнеры і капітан. На сонцы зіхацелі пырскі ад узмахаў вёслаў. Калі лодка наблізілася да баржы і была ледзь бачная з доту, баржа павярнулася і зрушыла з месца.
–Глядзі, ажыла! – закрычаў Забаўскі, які быў побач з Кужэльным. Вольныя ад варты жаўнеры пахапалі зброю і рынуліся ў траншэі. Шлюпка зусім блізка падплыла да баржы, якая паскорыла рух насустрач. Раптам непадалёку ад яе закіпела вада, і на паверхню ўсплыла доўгая падводная лодка. На палубе ў імгненьне зьявіліся чорныя фігуркі людзей і замітусіліся ля шэрай гарматы.
–Матка Боска! – толькі пасьпеў ускрыкнуць паручык Куроўскі. Ля шлюпкі ўзьняўся сноп агню і дыму. Калі ён сплыў убок, усе ўбачылі, што на вадзе ад шлюпкі нічога не засталося.
–Агонь па лодцы! – загадаў афіцэр і схапіўся за ручкі кулямёта. Але стрэліць не пасьпеў, бо на сярэдзіну падлогі праз дзьверы доту ўляцела граната з доўгай ручкай.
–Немцы ў траншэі! – закрычаў Кажухоўскі, схапіў гранату і выкінуў за дзьверы. Ля іх адразу ж раскаціста грымнула, задзынкалі-завішчэлі асколкі.
–Зачыніць дзьверы, заняць абарону! – зьбялеўшы азірнуўся на падначаленых Куроўскі. Забаўскі з Наварскім адразу ўбачылі на калёсіках цяжкі сталёвы ліст, наляглі на яго, і ён павольна пасунуўся па жалабку, закрываючы дзьвярны праём.
–Мы ў пастцы! Нашы ў траншэях калі не заколатыя, то пад іхнімі рулямі, – хваляваўся паручык. – Крутаніце тэлефон. – Забаўскі пакруціў ручку апарата, паслухаў у трубку:
–Глуха.
–Сувязь парушана. Што будзем рабіць?
Усе маўчалі.
–Здавацца нельга – пераб’юць. Сьведкаў таго, што яны тут прыйшлі рабіць, зразумела, не пакінуць.
–Там гумовая лодка, а ў ёй нешта, як бочка, – закрычаў Наварскі, які, слухаючы Куроўскага, глянуў на канал. Афіцэр кінуўся да кулямёта і стаў страляць. Невядомы груз паплыў назад.
–Не спадабалася. Ня выпусьцім, швабы. Ня выпусьцім! – паручык зноў стрэліў кароткаю чаргою. – Глядзіце, калі зьявяцца з вашага боку, страляйце.
Але нідзе пакуль немцаў не было. Кажухоўскі назіраў за дваром. Забаўскі і Наварскі глядзелі праз дзіркі, з якіх былі бачны доты і частка траншэяў з усходу і захаду.
На канале ваду зьлёгку крывавіла сонца, якое зьнізілася і нагадвала нагрэтую патэльню, якую павесілі на пражэктарную вышку. Так яно ўяўлялася Кужэльнаму, які пільнаваў дзьверы і бачыў яго праз амбразуру, дзе біў кулямёт. У доце цямнела. На моры гулялі лёгкія хвалі. Падводная лодка замерла на месцы, і жаўнеры ў доце здагадаліся, што яна чакае той груз, які немцы спрабавалі вывезьці па канале.
– Зноў плывуць! – закрычаў Куроўскі. Яго словы заглушыў трэск кулямёта, з якога ён адкрыў агонь. – Ня пройдзеце, ня пройдзеце!
Кулямёт не спыняў агню. На падлогу сыпаліся гільзы. Пад столь уздымаўся сіні дым. У гэты момант на падводнай лодцы бліснуў агонь, і праз лічаныя хвіліны грымнуў выбух. Снарад упаў зусім блізка ад доту. Наступны пераляцеў і ўзьняў вогненны сноп на двары перад казармай. Трэці трапіў у купал дота. Столь задрыжэла, але не паддалася. Зьверху пасыпаліся толькі малюпасенькія асколачкі бетону. Бухнуў яшчэ адзін – і безвынікова.
–Не праб’еце. Для сябе будавалі, заразы! – зноў пусьціў чаргу Куроўскі.
–Пан паручык! – закрычаў Кажухоўскі. – Глядзіце! Нашых з траншэяў гоняць.
–Кужэльны! Пільнуй канал, – адарваўся ад кулямёту Куроўскі і глянуў праз амбразуру, дзе стаяў Чэсь.
–Знаёмая практыка, – спахмурнеў афіцэр. – Зараз прадыктуюць ультыматум. Такое я ўжо бачыў.
І сапраўды хутка ля казармы апынуліся ўсе жаўнеры, якіх захапілі немцы. Іх акружылі аўтаматчыкі і прыціснулі да сьцяны будынка.
– Справа дрэнь, хлопцы! – Куроўскі захваляваўся.
Ад аўтаматчыкаў аддзяліліся двое немцаў. Яны падыйшлі бліжэй да доту і сталі наперабой крычаць на польскай мове:
–Увага! Увага! Здавайцеся – інакш усе, хто тут пад сьцяною, будуць расстраляны! Даём пяць хвілінаў.
–Як быць, хлопцы? – не адводзячы вачэй ад двара, тужліва мовіў Куроўскі. – Выйдзеш – усё роўна расстраляюць. Пратрымацца тут можна толькі да цямна. Потым яны ў другім месцы спусьцяць лодку і вывязуць, што ім так патрэбна.
–А што перашкаджае гэта зрабіць цяпер? – запытаў Наварскі.
–Мы. Відаць, тое, што вывозяць, досыць цяжкое. Падняць на бераг каналу немагчыма – вышыня больш за тры метры.
–Трэба здавацца. Паміраць – дык разам! – усхвалявана загаварыў Забаўскі. – Іншага не выпадае. Нашы таварышы, што там пад рулямі, упэўнены, з надзеяй глядзяць на нас. Ня будзем грэх на душу перад сьмерцю прымаць. Вядома, панішчаць усіх, але ж, пан паручык…
–Ціха! – перапыніў яго Куроўскі. – Чуеце! Танкі… – Ён кінуўся да ўсходняй амбразуры. У гэты момант з-за дзюнаў выскачыў танк, за ім другі, трэці. Машыны разарвалі дрот і на шалёнай хуткасьці імчэлі па пляцу базы. Немцы ў паніцы кінуліся цераз траншэі на бераг. Але кулямётныя чэргі даганялі іх. Падводная лодка імгненна зьнікла пад вадой. Кулямётны агонь танкістаў быў настолькі трапны і густы, што з дэсантнікаў ніхто не ўцалеў. Бераг быў усеяны трупамі. Танкі дасягнулі заходняга боку базы, разьвярнуліся і спыніліся на сярэдзіне плацу. Нядаўнія сьмертнікі беглі да машынаў, каб аддзячыць выратавальнікам. Куроўскі і астатнія, хто быў у доце, спусьціліся да будынку.
–Як сталася, што нас, як сьляпых кацянятаў?.. – ён усё яшчэ хваляваўся, хадзіў сярод жаўнераў і не пераставаў распытваць. Але ніхто ня мог яму дакладна патлумачыць. Адны гаварылі, што іх захапілі зьнянацку, іншыя казалі, што немцы прыйшлі з дзюнаў. Нарэшце паручык натрапіў на сувязіста Бараноўскага.
–Яны ў нашым памяшканьні вылезьлі з камунікацыйнага люку, – стаў тлумачыць афіцэр. – Відаць, тут недзе незатоплены падземны ход на бераг. Я эсэсаўцаў убачыў у калідоры радыёрубкі, але пасьпеў заскочыць у яе і даць “SOS”. Яго пачулі першымі танкісты – іх рамонтныя майстэрні ў дзевяці кіламетрах адсюль. Мяне трымалі ў пакоі да трывогі. А яна была ўжо дарэмнай – нашы ў траншэі, а там – немцы.
–Ніхто ня пікнуў, – скрушна сказаў Куроўскі і пайшоў да танкістаў. Жаўнеры не пасьпелі ачухацца ад таго, што давялося перажыць, як на базу ўварвалася пяць грузавікоў са сьпецкамандаю з палякаў і рускіх. Яны неадкладна прыступілі да агляду кожнага памяшканьня. Група вадалазаў спусьцілася ў затопленае скляпеньне. З дзясятак сьледчых падрабязна распытвалі ў кожнага афіцэра, жаўнера, як здарылася, што немцы зьнянацку апынуліся на базе. На другі дзень па радыё перадалі загад абодвум узводам пагрузіцца на свае студэбекеры, якія затым узялі кірунак на Варшаву. Афіцэры ехалі ў кабінах, а шараговыя ў кузавах бясконца наперабой гаварылі пра сваё ўратаваньне.
Новым месцам, дзе апынуўся Кужэльны са сваімі таварышамі, быў запасны полк. Ён месьціўся на ўскрайку Варшавы ў старых казармах. Казалі, што яны ўзьведзены яшчэ пры Пілсудскім. Частка была малалікая – сюды траплялі людзі са шпіталяў, у пераважнасьці пажылыя. Вайсковыя заняткі амаль што не праводзіліся. Раніцою рабілі праверку, пасьля сьняданку прыбіралі пляц, выконвалі гаспадарчыя работы. У горад не пускалі. Аднак некаторыя запасьнікі цераз дзіркі ў высокім плоце хадзілі да варшавякаў мяняць гадзіньнікі, цывільнае адзеньне на гарэлку. Неяк Кужэльнага выклікалі ў штаб палка. Сьцяпан Пятровіч ішоў і хваляваўся: “А што, калі раскапалі, хто ён, і там чакаюць рускія контрразьведчыкі?”
У штабе малады капітан глянуў на аркуш, што ляжаў на ягоным стале, і ветліва ўсьміхнуўся:
– Зайдзіце ў трэці аддзел. Гэта па калідоры – пакой нумар пятнаццаць.
Сьцяпан Пятровіч ступіў за дзьверы і адчуў, што ногі яго дзервянеюць. “І тут зноў аддзел... Усё-такі вынюхалі”.
Ён рухаўся і не прыкмячаў вайскоўцаў, што снавалі з пакоя ў пакой. Дайшоўшы да дзьвярэй з названаю лічбаю, спыніўся. Мурашы паўзьлі па сьпіне, адчай запоўніў грудзі. Нейкія долі хвіліны таптаўся на месцы, а потым рашуча націснуў клямку.
–Шараговы Кужэльны па вашаму выкліку зьявіўся, – не пазнаючы свайго голасу, вымавіў Сьцяпан Пятровіч.
–Сядайце, калі ласка, – адказаў падпалкоўнік і працягваў корпацца ў шуфлядзе стала. Кужэльны стаяў. Палкоўнік глянуў на яго:
–Сядайце, сядайце. Тут вось якая справа. На вас з дывізіі прыслалі прадстаўленьне да ўзнагароды.
–Узнагароды? – адлягло ў Кужэльнага, і цяпло запоўніла грудзі.
–Так, так, узнагароды. Але ж мы ня ведаем пра вас нічога, акрамя таго, што добра ваявалі ў час нападу фрыцаў на базу. Бярыце ручку і напішыце сваю аўтабіяграфію.
–Зараз?
–А калі ж, нам трэба тэрмінова аформіць прадстаўленьне і перадаць у дывізію. Прадстаўляецеся да вышэйшай узнагароды. Пішыце паболей, дзе нарадзіліся, ваявалі і гэтак далей, пішыце… – Палкоўнік зноў заняўся шуфлядаю, а Сьцяпан Пятровіч сядзеў і ня ведаў, што пісаць. Ён цяпер ясна ўсьведамляў – калі напісаць пра сябе праўду, то зараз ім зоймецца польская контрразьведка, а затым перадасьць справу савецкім вайсковым сьледчым. Ішлі хвіліны… дзесяць... дваццаць, а Сьцяпан Пятровіч не дакрануўся да ручкі, якую з аркушам паперы паклаў перад ім гаспадар кабінета.
–Што, з-за вайны забыў, дзе нарадзіўся, як і дзе яе пачаў? – узьняў вочы палкоўнік.
–Нарадзіўся на Петрыкаўшчыне ў Беларусі, ці як раней казалі, на Крэсах Усходніх. А вось ваяваць пачаў – жудасна нават успомніць.
–Так, – уздыхнуў палкоўнік, – усім нам, палякам, пра гэта цяжка прыгадваць. Ты ў якім лагеры сядзеў пры Саветах? Большасьць нашых, што склала касьцяк першай дывізіі новага польскага войска, былі ў Разанскіх.
–Я таксама адтуль, – сарвалася з вуснаў Кужэльнага.
–Папаў, пэўна, у Другі запасны полк?
–Пачынаў у ім, – схлусіў Сьцяпан Пятровіч і пачырванеў.
–Не хвалюйцеся. Так і пішыце: мабілізаваны ў трыццаць дзявятым. Вас жа ўсіх, хто быў пад Пінскам, акружылі чырвоныя і забралі ў палон. Далей трапіў у гэты самы запасны, які на фронт прыгналі пад Варшаву. Пад Магілёвам, ведаю, вы не былі. Там наша дывізія ішла ў атаку ўпершыню. Забыўся, халера ясна, як тое сяло называецца. Памятаю, што там старая, яшчэ царская сельскагаспадарчая акадэмія. Так?
–Так, так, – спахапіўся Кужэльны, хоць абсалютна не разумеў, пра што кажа палкоўнік. – А Варшаву я запомніў на ўсё жыцьцё.
–Варшава… – скрушна ўздыхнуў палкоўнік і замоўк. Не адважваўся далей гаварыць і Кужэльны – баяўся сказаць што-небудзь такое, што выклікала б падазрэньне. Палкоўнік некалькі хвілінаў быў у роздуме, а потым зноў уздыхнуў: – Колькі выдатных хлопцаў з Арміі Краёвай палегла ў часе паўстаньня. Мы стаялі ля Віслы і ўсё рыхтаваліся да штурму. А швабы гэтым часам зьнішчалі краёўцаў. Ніколі не даруюць нам такое варшавякі.
–Камандаваньню было відней, мабыць? – нясьмела вымавіў Кужэльны.
–Вядома, відней, – кісла ўсьміхнуўся палкоўнік і дадаў. – Давайце пішыце пра ўдзел у вызваленьні нашай сталіцы ў складзе Другога запаснога, пра ўсё пішыце, што было далей. Асабліва пра Прусію. За храбрасьць на той базе вас і прадстаўляюць да ўзнагароды. Там сітуацыя была вельмі рызыкоўная. Спазьніліся б на некалькі хвілінаў рускія танкі – і ўсе вы загінулі б. Швабы нікога ў жывых не пакінулі б. У сарочцы нарадзіліся вы, хлопцы.
Сьцяпан Пятровіч пасьля размовы з палкоўнікам зразумеў, як трэба пісаць, хаця ня быў да канца ўпэўнены, што гэты пажылы афіцэр з сумнымі і разумнымі вачамі не схітрыў, і, калі ён аддасьць сваю пісаніну яму, ня выцягне з гэтай шуфляды паперку і не пачне:
–Брэшаш, гад! Ты немцам служыў…
Кужэльны перадаў палкоўніку напісанае, і той стаў уважліва чытаць. Сьцяпан Пятровіч сядзеў, унутры сьцяўшыся, быццам зараз яму вынясуць сьмяротны прысуд. Але палкоўнік адклаў аркуш і ўсьміхнуўся:
–Можаце лічыць, што ўзнагарода вашая.
Радасны Кужэльны пакінуў штаб і толькі цяпер убачыў, як хораша на вуліцы. Абапал сьцяжыны са старой цэглы аж да казармы, якая гнязьдзілася воддаль, зелянела шаўкавістая трава. Па ёй скрозь, як зоркі на небе, зіхацелі пад сонцам жоўтыя кветкі. За казармаю выстраіліся высокія каштаны. Іх галіны з разлапістымі крыжападобнымі лістамі, на якіх красавалі белыя сьвечкі-кветкі, дыхалі сьвежасьцю. Дзесьці ў шатах гэтых дрэў на розныя лады сьпявалі птушкі. Вясна шчыравала на ўсю моц. Сьцяпану Пятровічу падалося, што такое хараство ён бачыць упершыню ў жыцьці. Незразумелая радасьць, як у далёкім дзяцінстве, ахапіла яго. Ён ішоў нясьпешна і не заўважыў, як перад ім вырас Забаўскі.
–Што такі шчасьлівы? – усклікнуў ён. – Абрадаваўся ўзнагародзе?
–А ты адкуль ведаеш?
–І мяне прадставілі. Куроўскі пастараўся.
–А дзе ён сам?
–У штабе дывізіі. Усё піша рэляцыю, як у доце абараняліся. А героі, калі па праўдзе, ня мы. Каб не пасьпеў сувязіст паведаміць рускім, з такога геройства адзін пшык быў бы. Пашанцавала нам. за гэта трэба сто сьвечак у касьцёле паставіць. Мо і выжывем. Заходзь да нас, мы з Кажухоўскім у трэцім узводзе. Шмыгну праз дзірку да цывіляў, хлопцы далі нямецкія афіцэрскія боты на шнапс памяняць. Так што заскоквай…
Кужэльны адмовіўся:
–З вечару на кухню заступаем.
Майскія дні прынесьлі яшчэ больш цяпла. Кужэльны душнымі начамі ў казарме прачынаўся сярод ночы. Размовы аб хуткім сканчэньні вайны сталі ўсё больш і больш непакоіць яго. Яму было крыўдна за сябе: “Столькі перанёс, столькі разоў сьмерць глядзела ў вочы, – разважаў ён, – за што, Божа, ты так мяне караеш? Падкажы мне, што рабіць. Куды мне падзецца, каб захаваць сябе для маіх дзетак і любай Насьці? – Як ні імкнуўся знайсьці выйсьце з такога цяжкага становішча – не знаходзіў. – З кім мне параіцца, у каго шукаць падказкі?” Ноч сплывала, а Сьцяпан Пятровіч ня ведаў, як быць. У казарме было надзвычай душна. Ціха. Звонку, праз адчыненыя вокны амаль не адчувалася сьвежасьці. Кужэльны варочаўся, у галаве мроіліся і мроіліся трывожныя думкі. Сон не прыходзіў. Раптам ля тумбачкі, дзе стаяў днявальны, дзынкнуў тэлефон. Сьцяпан Пятровіч чуў, як той зьняў трубку і доўга ня клаў яе. Нехта паведамляў яму аб нечым важным. Нарэшце вартавы паклаў трубку і закрычаў на ўсё горла:
–Хлопцы! Вайна скончылася!
Усе паўскоквалі з ложкаў. Днявальны забег у казарму і зноў закрычаў:
–Вайна скончылася!
–Ура! – пахапалі зброю вайскоўцы, выскачылі на вуліцу і сталі паліць уверх. У гэты момант неба над начным горадам асьвяцілася сотнямі ракет і трасуючых куль. Усе абдымаліся і цалаваліся. У штабе загарэлася сьвятло ва ўсіх вокнах. Адтуль прыбеглі афіцэры і радасна пацьвердзілі, што фашыстоўская Германія капітулявала. Кужэльны таксама цалаваўся з многімі знаёмымі і незнаёмымі, хоць у душы яго моцна балела. У казарме да раніцы ніхто ня клаўся. Аднекуль зьявілася гарэлка, кансервы, кілбаса. Афіцэры і шараговыя ўзьнімалі тосты, пілі за перамогу. Два акардэаністы гралі полькі, вальсы, мазуркі. Захмялелыя жаўнеры танцавалі, сьпявалі песьні.
Два тыдні радаваліся ў палку, што нарэшце скончылася доўгая страшная вайна. Не было вечару, каб перад адбоем ня ладзіліся танцы і стыхійныя сьпеўкі. Затым трохі сьцішыліся. Камандаваньне ўстрывожылася – палічыла, што такое ўшчэнт разладзіць дысцыпліну. І яно мела рацыю. Многія сьмельчакі пасьля адбою ўцякалі з часьці да цывільных, бавілі там ноч і вярталіся на сьвітанку, затым, схадзіўшы на сьняданак, зьнікалі з казармы куды-небудзь у зацішак і адсыпаліся. З надыходам адбою ўсё паўтаралася. Каб заняць людзей, камандзір палка па дамоўленасьці з гарадскім магістратам стаў зьбіраць штодня сьпецыяльную каманду, якую два афіцэры вялі разьбіраць руіны, засыпаць варонкі ад бомбаў і снарадаў.
У пачатку чэрвеня пайшла гамана аб дэмабілізацыі. Жаўнеры, якія па службовым абавязку хадзілі на станцыю, прынесьлі вестку, што з Германіі ўжо ідуць бясконцыя эшалоны з рускімі дэмабілізаванымі.
Сьцяпан Пятровіч, які на нейкі час перастаў думаць аб сваёй дэмабілізацыі, зноў занудкаваў – адчуў сябе між молатам і кавадлам. Сэрца разрывалася на часткі – яму нясьцерпна хацелася хутчэй пабачыць сваіх, і адначасова душыў страх, што ён можа і не даехаць дадому – правераць у дарозе дакументы рускія і западозраць, стануць высьвятляць, хто ён. Аднак, калі прыйшоў загад пачаць дэмабілізацыю, Кужэльны канчаткова вырашыў ехаць дамоў:
–Калі Бог уратаваў мяне, то і далей дапаможа.
Лета пасылала гарачыя дні і навальніцы. Жаўнеры рэзаліся ў карты, часам выпівалі. Дні ў чаканьні жаданага загаду аб дэмабілізацыі цягнуліся марудна. І вось у адзін з іх да штабу палка падрулілі два легкавікі са старшымі афіцэрамі. Жаўнеры гуртам павалілі з казармаў, і хутка полк стаяў у шарэнгах. Перад строем паставілі стол, які накрылі зялёным сукном, і крэслы. Са штабу да жаўнераў выйшлі старшыя афіцэры, камандзір палка і ягоныя памочнікі. У страі з нецярпеньнем чакалі аб’яўленьня загаду на дэмабілізацыю. Аднак гэтага ня здарылася. Камандзір палка, калі госьці расьселіся, зьвярнуўся з кароткаю прамоваю, затым зачытаў загад, дзе гаварылася пра ўзнагароду жаўнераў, якія праявілі храбрасьць у барацьбе з нямецка-фашыстоўскімі захопнікамі. У пераліку ўзнагароджаных Сьцяпан Пятровіч пачуў і сваё прозьвішча.
–Радавы Кужэльны, запрашаем атрымаць узнагароду, – неяк зьнянацку данеслася да яго, і ён рушыў да афіцэраў. – Узнагароджваецца вышэйшым ордэнам Войска Польскага, крыжам першай ступені “Мілітары Віртуці” за храбрасьць і адданасьць, – урачыста загучэў голас камандзіра палка. Затым ён узяў узнагароду і прычапіў яе на грудзі Кужэльнага.
У казарме Сьцяпана віншавалі, нават падкінулі на руках, і яму яшчэ больш стала шкада сябе. Перажытае неслася перад вачамі, і сьлёзы ручаём беглі па твары. Усе палічылі, што такое здараецца якраз з героямі – яны плачуць, калі іх узнагароджваюць. Але сапраўды ад чаго ён плача і што ў гэты момант ён адчуваў сябе самым нешчасьлівым чалавекам у сьвеце, ніхто з яго аднапалчанаў ня ведаў, не здагадваўся.
Дэмабілізацыю аб’явілі ў канцы першага тыдня ліпеню. Адбылося ўсё неяк нечакана – апоўдні са штабу прыйшоў дзяжурны і загадаў ісьці атрымліваць дакументы. Іх выдавалі ў трох пакоях. Кужэльны трапіў да палкоўніка, які выклікаў яго, каб напісаў аўтабіяграфію.
–Ну, віншую, дачакаліся свайго, – падаў яму па-цывільнаму руку афіцэр. – Вось ваша вайсковая кніжка. Можа там і ня ўсё запісана, але асноўныя зьвесткі пра службу і ўзнагароду занесены. Жывіце доўга, салдат. Ідзіце па грошы, паёк – і айда на станцыю. Як даехаць да Петрыкаўшчыны, падкажа чыгуначная камендатура. Бывайце!
На вакзал Сьцяпан Пятровіч дабраўся перад захадам сонца. Доўга давялося памарнавацца ў чарзе да каменданта. Польскі капітан паглядзеў ягоную кніжку і перадаў свайму напарніку – рускаму каменданту ў званьні маёра. Той таксама пагартаў дакумент і глянуў на Кужэльнага:
–Значыцца, дамоў. Значыцца, ваяваў з намі і да нас вяртаешся.
–Да сям’і, – рашуча адказаў Кужэльны.
–Шараговы?
–Шараговы.
–Дзе твая Петрыкаўшчына? – маёр стаў разглядаць мапу. Кужэльны сачыў за ім, і трывога ўзьнімалася ў грудзях. Нешта знаёмае і непрыемнае было ў паводзінах савецкага афіцэра. Нарэшце маёр адарваўся ад мапы:
–У нас тут эшалон з Германіі. Знойдзеш начальніка і паедзеш да Брэста, а там камендатура адправіць цябе, куды трэба. Маёр выпісаў накіраваньне і аддаў Кужэльнаму.
Эшалон рушыў з Варшавы апоўначы. Спадарожнікі Кужэльнага адразу пачалі сваё баляваньне. Прыставілі да скрынкі, дзе была недапітая начальнікам эшалона бутэлька гарэлкі, яшчэ некалькі такіх, паверх наслалі брызентавую накідку для афіцэрскага саставу і ўраз арганізавалі вялікі стол. Кужэльны на запрашэньне адмаўляўся, спасылаючыся, што хоча спаць і адчувае сябе блага.
–Пасьпееш выспацца – эшалон будзе цягнуцца да Брэста доўга. А хваробу, якая ў вантробах, толькі і лячыць гарэлкаю, – не адставалі ад яго чырвонаармейцы, і яму прыйшлося здацца. Баль цягнуўся да раніцы. Былі ўспаміны, песьні, скокі. Угаманіліся, калі ў вокны цяплушкі заглянула сонца. Кужэльны прымасьціўся на сваім рэчмяшку і адразу заснуў.
Спалі да поўдня. Прачнуліся, сяк-так з кацялка над вядром прамылі вочы і сталі шукаць, мо дзе засталася недапітая пляшка. Яе не было, і ўсе спахмурнелі. Старшы лейтэнант крычаў на вусатага старшыну:
–Фронт прайшоў, а гаспадарнічаць не навучыўся. У мяне ў роце быў старшына дык старшына. У яго, нават калі пад бамбёжкаю ляжалі, было сто грамаў. А ты заначку не пакінуў, лайдак.
Старшына не агрызаўся, супакойваў начальніка:
–Не кіпяціся, Яфімавіч, прамашка выйшла. На першай жа станцыі памылку выправім.
–На мой гадзіньнік, – лейтэнант зьняў з рукі трафей, – будзе прыпынак – бяжы.
Эшалон грукатаў, павіскваў коламі і не спыняўся. Кужэльны праціснуўся да акна, за якім плылі то жытнёвыя, то бульбяныя палеткі. Удалечыні бачыліся хутары, а часам і вёскі. Вецер лашчыў твар, асьвяжаў галаву, якая была цяжкаю ад выпітага, як быццам у яе наклалі каменьняў. Афіцэр ня меў спакою, хадзіў па вагоне, курыў і злаваўся. Чырвонаармейцы валяліся на падлозе, драмалі. А станцыі ўсё не было.
–Рабінчук! – крыкнуў старшы лейтэнант. – Ты тут наступаў ад Брэста. Глянь, дзе гэта мы цягнемся, што так доўга няма прыпынку. – Высокі з крываватымі і дужымі нагамі чырвонаармеец з крэктам падняўся з падлогі і паглядзеў у акно:
–Мы пад Брэстам, мо кіламетраў трыццаць засталося. Хутка будзе станцыя.
–Старшына! Падрыхтавацца!
Рабінчук не памыліўся. Паравоз сьцішыў ход, даў працяглы гудок. Станцыя была маленькая. Вакзал – цагляны дамок ды некалькі дамоў з прысадамі. На пероне стаяў дзяжурны з чырвоным сьцяжком. Заляскалі вагоны, і цягнік спыніўся. Старшына выскачыў, агледзеўся, Кужэльны бачыў, як ён дабег да дзяжурнага і спыніўся. Той свабоднай рукой паказваў старшыне на вакзал, а потым раптам сарваўся з месца і пабег кудысьці. Да акна прыліпла некалькі чырвонармейцаў:
–Клюнула ў старшыны. Зараз будзе апахмелка. Дарэмна вы, Яфімавіч, яго чысьцілі...
У Брэст прыехалі надвячоркам. Эшалон мінуў перон, які быў да адказу запоўнены людзьмі, і спыніўся на таварнай станцыі. Кужэльны разьвітаўся са сваімі спадарожнікамі і выйшаў з вагону. Ён вырашыў не ісьці да пасажырскага вакзалу і не зьвяртацца ў камендатуру, дзе могуць прычапіцца, а распытаць у чыгуначнікаў, як лепш дабірацца да Петрыкава.
На бязьлюднай таварнай станцыі ўсе каляіны былі занятыя таварнякамі. Кужэльны блукаў між імі ў надзеі сустрэць хоць якога чыгуначніка. Пахла шкіпінарам і мазутаю. Сьцяпан Пятровіч абыходзіў эшалон за эшалонам і нікога не сустракаў. Сонца малінавым колерам блішчэла на адпаліраваных рэйках. Надвячорак сьветлымі ценямі клаўся ў закутках між вагонамі, доўгімі палосамі, што ляглі ад тэлеграфных слупоў на шчабёнку-падсыпку.
Кужэльны хадзіў яшчэ з паўгадзіны і толькі калі апынуўся на месцы, дзе каляі сталі сыходзіцца, ля стрэлкі нечакана натрапіў на чалавека з зашмальцаванай брызентавай торбай, з якой тырчалі сігнальныя сьцяжкі:
–Ці не падкажаш, як дабрацца да Петрыкава?
–Якога? Што на Палесьсі? – чыгуначнік падазрона глянуў на вайскоўца.
–Так, на Палесьсі.
–Табе лепш было б да Баранавіч, а там лацьвей і да Петрыкава дабрацца.
–Мо й так, але я ўжо сышоў са свайго саставу, якім ехаў з Варшавы.
–З палону, ад немцаў?
–З польскай арміі – дэмабілізаваўся.
–Значыцца, з трыццаць дзявятага дома ня быў.
–Ня быў.
–А крыж у немцаў заслужыў? – уставіўся на ўзнагароду чыгуначнік.
–Кажу, у Войску польскім ваяваў.
–А хто вас ведае, палякаў, дзе вы ваявалі. Пры немцах тут таксама трапляліся ў гэткай форме. Як іх? Краёўцы. Бацьку майго мардавалі... Вунь там лятучка на Пінск пойдзе. Ідзі папрасіся. А з Пінску да Петрыкава як-небудзь дабярэшся. Праўда, там, казаў мне адзін машыніст, яшчэ з лесу пастрэльваюць.
–Хто пастрэльвае? – зьдзівіўся Кужэльны.
–Хто яго ведае. Бяжы да лятучкі, а то яна ўжо чмыхае.
Кужэльны кінуўся між рэек бягом, дзе стаяла звычайная дрызіна з прычэпленым дзіравым вагонам.
–Мне на Петрыкаў трэба, да Рудні. Мо чуў пра такую станцыю?
–Ня толькі чуў, а быў там не аднойчы, – мужчына агледзеў Кужэльнага і замаўчаў.
–То як? – парушыў маўчаньне Кужэльны.
–А ніяк – забаронена нам ваенных браць. НКВД у любым месцы можа спыніць – і што тады?
–Я дэмабілізаваны, дакументы ёсьць.
–А чаму праз камендатуру не аформіўся?
–Сышоў тут з эшалону, думаў адсюль лацьвей да дому, чым праз Баранавічы.
–Вось прыйдзе напарнік, паглядзім. А сам не бяруся – дарога небясьпечная.
У Пінск лятучка прыйшла рана. Дзень заняўся, але сонца яшчэ не паднялося. Кужэльны разьвітаўся з чыгуначнікамі і накіраваўся на вакзал. Там ад начальніка станцыі даведаўся, што да Петрыкава толькі вечарам будзе рабочы поезд, які зьбірае на паўстанках людзей, што рамантуюць чыгунку.
–А раней? – удакладніў дэмабілізаваны.
–Цяжка сказаць, што ўдзень будзе. Паспрабуй дамовіцца з маставікамі. Яны мост на Прыпяці аднаўляюць. У іх аўтамабілі часам едуць у бок Петрыкава. Чым табе тут мучыцца да вечара, паспрабуй, салдат.
З вакзалу Кужэльны ішоў вуліцай па-над Прыпяцьцю. З аднаго боку ў прысадах стаялі драўляныя дамы, трапляліся і цагляныя. У агародчыках вабілі вока пышныя раньнія вяргіні. З другога боку ціха плыла ў ранішнім сьветлым тумане Прыпяць. У адным месцы, дзе бераг узьняўся высока, а пад ім залаціўся пясок прыбярэжжа, Кужэльны спусьціўся да вады і прысеў. Зьняў боты і мундзір і застыў, гледзячы на раку. Так сядзеў мо з гадзіну, і нікуды яму не хацелася ісьці. Сонца прыемна лашчыла плечы. Ногі адчулі свабоду і прасіліся ў ваду. Кужэльны падцягнуў вышэй галіфе і ступіў у яе. Доўга хадзіў уздоўж залацістай водмелі, затым вярнуўся да сваёй вопраткі і стаў сьнедаць. Непадалёку прашмыгнулі чайкі і апусьціліся на ваду. Цячэньне панясло іх далей. Дзесьці плюхнуў шчупак. А на другім беразе, дзе там-сям зьвісалі да вады лазьнякі, шчыравала качка з качанятамі. Усё гэта супакойвала Кужэльнага, хоць на душы было трывожна. “Калі мяне і арыштуюць, – апраўдваў свой намер вярнуцца Сьцяпан Пятровіч, – хай зноў страляюць, але ж мая любая Насьця, мае родныя дзеткі ўсё ж убачаць мяне жывым”. З гэтаю думкаю ён апрануўся і пайшоў шукаць маставікоў.
Палутарка зьявілася адразу пасьля абеду. Шафёр – вайсковец, амаль аднагодак Кужэльнага, пагадзіўся яго падвезьці. У дарозе разгаварыліся. Шафёр, ня зводзячы вачэй з наезджанай, разьбітай каляіны, якая ішла праз балоты, стаў жаліцца:
–Палякі вас хутка адпусьцілі. А ў нас тут яшчэ нікога. Чакаем з дня на дзень, а не адпускаюць. Я са Смаленску, сваіх чатыры гады ня бачыў. Наваяваўся па горла.
Кужэльны спачуваў яму, але ў доўгую размову ня ўвязваўся, бо ўсе думкі яго былі пра сустрэчу з сям’ёй. А вадзіцель расказваў і расказваў пра сваё жыцьцё. Кужэльны разумеў яго: чалавеку трэба выгаварыцца пра набалелае.
Праз паўсотні кіламетраў дарога пайшла лесам. Насустрач плыў то беразьняк, то хвоя, то смалістыя сосны, якія сваімі магутнымі кронамі закрывалі неба і ўтваралі цень. За Жыткавічамі зноў ехалі праз балота. На нізкіх месцах палутарка грукатала, падскоквала на бярвеньнях, з якіх быў зроблены насьціл.
–Вантробы вытрасе, пакуль выберамся, дзе вышэй, – спачувальна паглядзеў шафёр на Кужэльнага, які на сядзеньні з брызенту, трымаючыся за жалезную абшыўку кабіны, падскокваў, як нявопытны вершнік на неаб’езджаным кані. Хоць шкло дзьвярэй кабіны было апушчана, і гарачы скразьняк урываўся безупынна, пот заліваў твар – было вельмі душна. Палягчэла, калі зноў убіліся ў сасновы бор.
Перад вечарам палутарка дакалыхалася да месца, дзе ішла нарыхтоўка лесу для мостабудаўнікоў. На дзялянцы нікога, акрамя складзеных у штабелі доўгіх круглякоў, не было. Шафёр саскочыў на зямлю і стомлена прысеў ля нагрэтага кола палутаркі.
–Яны там, лес валяць. Пад вечар зьбяруцца – прыйдзецца заначаваць.
Кужэльны агледзеўся, абышоў дзялянку і вырашыў рухацца далей пешкі.
–Як знаеш, – сказаў шафёр, – я тут ня першы раз і чуў, што да твайго Петрыкава недалёка.
–Спадзяюся, на сваёй зямлі не заблукаю, – разьвітаўся Кужэльны з шафёрам і пакрочыў да дарогі, якая з паляны паглыблялася ў лес. Праз кіламетры тры ён патрапіў на разбураную сядзібу і ўспомніў, што быў тут, калі прыйшлі Саветы. У саракавым годзе вясною са шваграм наведваліся сюды за сухім стаяком для гонтаў. З пабудоваў захавалася толькі пуня, якая скрывілася і асела амаль да зямлі. Сядзіба зарасла беразьняком, між якога там-сям стаялі дажываючыя свой век яблыні. “Калі тут пераначаваць і ранічкай рушыць у накірунку Прыпяці, што адсюль вёрст за дзесяць, а потым яе берагам, то дома буду недзе надвячоркам”.
У пуні Кужэльны спаў да раніцы. Абудзіўся ад звонкага і радаснага сьпеву птушак. Дзень абяцаў быць ясным і гарачым. Закінуў за плечы рэчмяшок і рушыў пратаптанай сьцяжынаю ад сядзібы ў бок Прыпяці, не сумнеючыся ў правільна выбраным напрамку. Дзе-нідзе шлях пераціналі невялічкія рачулкі, па дне якіх бруіла чыстая вадзіца. Ля адной Кужэльны прыпыніўся, зачэрпнуў кружку вады, каб наталіць смагу. Тут жа прыкмеціў куст перасьпелых чарніцаў, і кінуў жменю іх у рот.
На падыходзе да сасновага бору да яго слыху раптам данесьліся аддаленыя аўтаматныя і адзіночныя стрэлы. Кужэльны спыніўся і стаў слухаць. “Што ж гэта можа быць? Мо вайскоўцы тут вучэньне наладзілі і паляць, як на фронце? Не паляваньне ж…”
Страляніна чулася хвілінаў трыццаць. Кужэльны ўвесь гэты час заставаўся на месцы, хаця даўно прывык да стрэлаў. Аднак яны яго насьцярожылі – чуцьцё падказвала перачакаць. Калі канчаткова сьціхла, ён пайшоў далей па абраным шляху. Праз які час хады Сьцяпан Пятровіч здагадаўся, што Прыпяць недалёка. Пайшлі вывараты старых хвояў, на месцы каранёў якіх быў бачны шэры жвір, заплесьнявелая вада. Даводзілася збочваць, каб іх абысьці.
Сонца ўзьнялося вышэй. Грэла мацьней, але яшчэ не адчувалася сьпякота. Пралезшы праз чарговую гушчавіну, Кужэльны раптам пачуў за плячыма выкрык:
–Стой! Рукі ўгару, сабака!
Кужэльны азірнуўся. Бухнуў стрэл, і зусім блізка ціўкнула куля.
–Падыдзі бліжэй! – зноў пачуўся голас. Сьцяпан Пятровіч, не апускаючы рукі, саступіў са сьцежкі і ўбачыў ля кораню струхлелага выварату вайскоўца з пагонамі лейтэнанта, які сядзеў на зямлі і цэліў яму ў галаву.
–Папаўся, бандыт! – злосна глядзеў на Кужэльнага афіцэр. – Зараз я цябе, сука, улажу.
–Я не бандыт! – сьпешна адказаў Сьцяпан Пятровіч.
–Бандыт, польскі сабака! – крычаў лейтэнант. І толькі цяпер Кужэльны заўважыў ля яго трупы чырвонаармейцаў. Больш за дзясятак валялася ў розных позах між кустоў.
–Падыдзі да мяне! – зноў злосна выкрыкнуў лейтэнант і так зморшчыўся ад болю, што аж гайданулася рука з пісталетам. Кужэльны наблізіўся.
–Дык хто ж ты, калі не бандыт? – трохі спакойней вымавіў вайсковец.
–Я дэмабілізаваны, іду дахаты.
–А чаму ў гэтым бандыцкім адзеньні?
–Я звольніўся з Войска Польскага.
–Дакументы!
Кужэльны дастаў з кішэні вайсковую кніжку і працягнуў яе лейтэнанту. Той, не апускаючы пісталет, хутка прабег вачыма, што ў ёй было напісана, і паклаў яе ля сябе.
–Падыдзі яшчэ бліжэй і прысядзь побач.
Кужэльны выканаў яго загад. Лейтэнант абмацаў яго з ног да галавы, затым праверыў рэчмяшок.
–Я табе паверу, але не да канца. У мяне прастрэленыя абедзьве нагі, ты панясеш мяне, а я буду ўвесь час трымаць ля тваёй галавы пісталет. Пры першай жа спробе збавіцца – страляю. Зразумеў?
–А што тут разумець? Ты бяз ног, у бядзе – сьвяты абавязак дапамагчы.
Кужэльны пасадзіў вайскоўца сабе на плечы і зрушыў з ім, як калісьці са сваёй малою дачушкаю, калі хадзілі ў лес ці на Прыпяць.
–Ідзі, куды загадваю! – лейтэнант прыставіў да галавы Кужэльнага пісталет. – Трэба выбрацца адсюль на Старую грэблю. Чуў пра такую? Куды яна вядзе?
–У Рудню, – адказаў Сьцяпан Пятровіч.
–Правільна, значыцца, мясцовасьць ведаеш.
Кужэльны нёс вайскоўца і ўвесь час адчуваў ля галавы рулю пісталета. Паранены падказваў, куды зварочваць, дзе трымацца проста. Адчувалася, што ён дасканала ведае гэтае ўзьлесьсе. Калі выбраліся з гушчавіны ў бор, вайсковец загадаў апусьціць яго на зямлю. Сьцяпан Пятровіч пасадзіў параненага ў ягаднік пад смалістаю сасной. Той нейкі момант маўчаў. Праз бінты з ягоных ног сачылася кроў.
–Што глядзіш, думаеш акачуруся? – лейтэнант аблізаў асьмяглыя вусны і раптам паваліўся ніц. Кужэльны ўхапіў яго за плечы і пачаў трэсьці. Паранены нешта гаварыў, як п’яны. Сьцяпан Пятровіч асьцярожна паклаў вайскоўца на зямлю і бягом кінуўся да хмызьняку, каб набраць кружку вады з лужыны, што прыкмеціў непадалёку. Вярнуўшыся, падняў за плечы амаль беспрытомнага вайскоўца і асьцярожна стаў ліць яму ваду ў паўраскрыты рот. лейтэнант выпіў некалькі кропляў, глянуў на Кужэльнага і застагнаў. Сьцяпан Пятровіч зноў апусьціў яго на зямлю.
“Як быць з ім? – мільганула думка. – Кінуць тут і пайсьці? Хай памірае.” – Кужэльны агледзеў мажнае цела вайскоўца і ягоныя ногі. І толькі цяпер убачыў, як яны апухлі. Лейтэнант трызьніў, крычаў і матляўся то ў адзін, то ў другі бок. Кужэльны памацаў лоб і зразумеў, што ў яго гарачка. Сьцяпан Пятровіч агледзеўся наўкола, як бы шукаючы паратунку. Нідзе нікога не было. Толькі лес нема глядзеў у блакітнае неба, з якога шчодра ліло гарачыню сонца. Параненаму трэба неадкладна зрабіць перавязку – інакш будзе заражэньне. Кужэльны спрытна разрэзаў халявы чобатаў і бінты, зьняў іх і стаў аглядаць раны. Лейтэнант застагнаў, Кужэльны глянуў на ягоны белы твар: “Цярпі”. З ранаў пацякла кроў, і Кужэльны ня ведаў, што рабіць. Позірк зачапіўся за палявую сумку, што вісела цераз плячо лейтэнанта, адкрыў яе і стаў мацаць рукой. Натрапіў на бінт і біклагу. Выняў іх, адкруціў накрыўку і панюхаў. Пах сьпіртнога заказытаў у носе. “Прамыю сьпіртам раны і перавяжу”, – вырашыў Кужэльны, хоць гэта яшчэ ніколі не даводзілася рабіць.
Усю рэшту дня, ноч і наступны дзень вайсковец трызьніў. Кужэльны не адыходзіў ад яго ні на крок. Раніцай новага дня, калі паранены трохі заціх, дэмабілізаваны насьпех у кацялок назьбіраў чарніцаў, зьбегаў за вадою і на маленькім вогнішчы зварыў кампот. Гэтым пойлам сілкаваў параненага. На зьмярканьні другога дня паранены перастаў трызьніць і заснуў. Кужэльны падтрымліваў вогнішча, падкідваючы сухое сасновае ламачча, якога наўкола было досыць.
Сьцяпан Пятровіч драмаў ля вогнішча, а калі сон праходзіў, мацаў лоб у параненага, слухаў, ці жывы. Вайсковец спаў, і Кужэльны зразумеў, што крызіс, пэўна, мінае. На золку, калі з усходу паміж соснаў працягнуліся і ўпалі плямамі чырвоныя пасмы ўзышоўшага сонца, паранены расплюшчыў вочы і раптам сеў. Затым агледзеўся, схапіў свой пісталет і нацэліў на сядзячага Кужэльнага:
–Рукі ўгару, бандыт!
Кужэльны разгубіўся і падняў рукі.
–Адставіць! – вайсковец ледзь прыкметна ўсьміхнуўся, пазнаўшы свайго выратавальніка.
Паранены моўчкі зьдзіўлена глядзеў на свае боты, разрэзаныя бінты і зразумеў усё, што адбылося ў час яго непрытомнасьці.
–Ня кокнуў мяне… чаму?
Кужэльны маўчаў.
–А вось твае пшэкі з лесу, краёўцы… Чуў пра іх? Яны мой атрад ушчэнт… Якіх хлопцаў паклалі.
Кужэльны маўчаў. Лейтэнант памацаў бінты на нагах, і сьлёзы пацяклі па яго твары.
–Жыць будзеш, – паварушыў галавешкі Кужэльны.
–Табе і цяпер да канца не давяраю, а ты вось уратаваў мяне, чаму – не разумею.
–А як жа не ратаваць? – уздыхнуў Кужэльны.
–А як да палякаў трапіў, чалавекалюб? Па мабілізацыі ў трыццаць дзявятым? Дык ты павінен быць ваеннапалонным у немцаў ці ў нас?
Кужэльны доўга маўчаў, глядзеў на лейтэнанта, і ён на нейкі момант нагадаў таго капітана, што дапытваў у той нямецкай хаце і прасіў контрразьведчыка, каб той адпусьціў яго.
–Не маўчы. Расказвай. Тут мы адны. Калі прынясеш мяне ў Рудню – адпушчу, хто б ты ні быў.
–Адпусьціш ты мяне ці не, пэўна, горш ня будзе. Для сваіх, куды вяртаюся, я – загінуў.
–Ну і што з таго? Такіх выпадкаў не адзін, калі прыходзілі “пахаронкі”, а потым і нябожчык ажываў. На вайне ўсялякае здаралася. Жонкі, дзеці ўзрадуюцца, і ты зноў адчуеш, што сапраўды нанава нарадзіўся..
–Каб так толькі, – уздыхнуў Кужэльны. – Мне б цяпер, пэўна, лепш сапраўды загінуўшым быць.
–А, зразумеў. Грахоў перад уладаю многа маеш.
–Ды якія грахі! – ускіпеў Сьцяпан Пятровіч. – Немца ў траншэі ў час атакі пашкадаваў, бо той прасіўся – чацьвёра дзяцей у яго. Вось усе мае грахі.
–І ты да палякаў зьбег? – усьміхнуўся лейтэнант.
–Ня зьбег я. Нашы прысудзілі да расстрэлу і расстралялі, ды не да канца. З магілы я вылез, – заплакаў Кужэльны і стаў расказваць усё па парадку без утайкі, што з ім было. Вайсковец слухаў яго вельмі ўважліва. Выраз яго твару гаварыў, што ён верыць цяпер кожнаму слову Сьцяпана Пятровіча. Калі Кужэльны замоўк, лейтэнант доўга аб нечым думаў, а потым спагадліва глянуў на Сьцяпана Пятровіча:
–Дык чаго ты, галава садовая, дамоў дэмабілізаваўся?
–А куды? – зьдзівіўся Кужэльны.
–У любое другое месца. Асвоіўся б, чужое прозьвішча ўзяў бы, а потым і сям’і даў знаць. Яна ціха пакінула б сялібу, і жылі б сабе. Хто дакапаецца. Вайна ўсё б сьпісала. А цяпер і я ня ведаю, як табе быць. Упэўнены, у ваенкамаце і мясцовым НКУСе пра цябе дакладная аператыўка ляжыць. Маўляў, расстраляны за здраду, а ты сам тут як тут. – Лейтэнант задумаўся, а потым сказаў: – Расстраляць не расстраляюць, а пасадзіць пасадзяць. Гэта я табе кажу, як лейтэнант НКУС, камандзір асобага зьнішчальнага атраду. Табе трэба было асьцерагацца менавіта такога, а ня думаць, што тыя жываглоты, што не дабілі і не павесіліся ў лагеры, зноў данясуць. Пабаяцца, бо ня выканалі да канца прысуд, таксама былі ў палоне. За гэта ім – вышка. Вось чаму яны хацелі, чаго б ім ні каштавала, зьнішчыць цябе. Эх! Вайна, вайна, каб цябе, падлу…
Да позьняга вечара ў Кужэльнага з лейтэнантам была размова. Пра многае распавядаў той – дзе і як ваяваў, чаму стаў з краёўцамі змагацца. Калі сьцямнела, Кужэльны з сваіх прыпасаў на вогнішчы зварыў вячэру, пакарміў параненага і сам зьеў некалькі лыжак. Абодвум не хацелася спаць. Часам Пятроў моршчыўся ад болю, але не паказваў выгляду. Кужэльны не-не, а пытаўся, як ён сябе адчувае.
–Цяпер выжыву ўдвайне, – махнуў той рукою. – Заўтра панясеш у Рудню, а там трэба нешта рабіць з табою.
Раніцай лейтэнанту пагоршала, біў калатун, ліўся з твару халодны пот. Кужэльны прапанаваў зрабіць новую перавязку, але лейтэнант не пагадзіўся:
–Рушым у Рудню, – настаяў ён.
Сьцяпан Пятровіч набраў кацялок вады, наглуха замацаваў вечка, каб у дарозе не адчынілася, і ўзяў на плечы параненага. Дарогу ня трэба было вышукваць, бо лейтэнант ведаў яе. праз кожныя кіламетры тры паранены прасіў спыніцца, каб пасядзець пад дрэвам, бо ногі, якія зьвісалі абапал тулава Кужэльнага, нясьцерпна балелі. Часам лейтэнант скрыгатаў зубамі і стагнаў. Але калі Сьцяпан Пятровіч спыняўся, прасіў ісьці далей. Дарога ўвесь час ішла праз бор, ад якога дыхала жывіцай і перасьпелымі чарніцамі. У Кужэльнага шумела ў галаве, зьбялелі вусны, хоць на кожным прыпынку ён піў з кацялка і паіў лейтэнанта.
–Стой, Сьцёпа, – раптам ціха вымавіў паранены, – адпачні, а я з’арыентуюся, дзе мы.
Кужэльны асьцярожна апусьціў лейтэнанта на дарогу і сеў побач. Той абвёў позіркам навакольле, як быццам нешта прыпамінаў, а затым узьняў дрыжачую руку і ледзь вымавіў:
–Здаецца, мы блізка ад нашай базы. Вунь там за гэтымі мурагамі лазьняк, далей Рудня. Здаецца, Сьцёпа, дабрыдзем.
Кужэльны толькі паглядзеў у той бок, куды паказваў лейтэнант, і нічога не сказаў. Душу апанавала маркота, не адчувалася тае радасьці ад сустрэчы з роднымі, якую ўяўляў да спатканьня з лейтэнантам. Яго тачылі сумненьні – ён ня верыў раней сказанаму лейтэнантам, думаў, што як толькі яны прыйдуць на тую базу, адразу будзе арыштаваны.
–Што маўчыш, ня радуешся? – крануў Кужэльнага лейтэнант. – Разумею цябе, Сьцёпа. Думаеш, загадаю арыштаваць? Маеш рацыю так думаць, але памыляешся. Ня сволач я, Сьцёпа. Абавязаны табе жыцьцём. Прыйдзем на месца, паголішся, адпачнеш, а заўтра адпушчу цябе на ўсе чатыры бакі. Дам табе дзьве даведкі. Адну, што ўратаваў мяне. Другую, што ты не Кужэльны, а радавы зьнішчальнага атраду Карасёў Яўген Сідаравіч, з верасьня сорак чацьвёртага актыўна ўдзельнічаў у барацьбе з бандамі польскіх нацыяналістаў, камандзіруешся для выкананьня сьпецыяльнага заданьня ў Заходнюю Польшчу. Разумееш, для чаго?
–Не, – скрушна адказаў Кужэльны.
–Першую даведку даю, бо адчуваю, што ты не мінеш роднага дому. Зьявішся ў ваенкамат, станеш на ўлік і здасі даведку. Яны не адразу здагадаюцца, хто ты сапраўды.
–Думаеце, што гэта мяне ўратуе?
–Гарантыі, Сьцёпа, няма, але паспрабаваць трэба.
Трохі адпачыўшы, працягвалі шлях. Несучы Пятрова, Кужэльны ўзважваў ягоныя словы. Да канца яму ня верыў – вельмі простым здалося прапанаванае.
“Мо, гэта хітрыкі? – тачылі сэрца сумненьні. – Я з тою даведкаю ў ваенкамат, а там ужо ведаюць, што прыйшоў той, каго чакаюць. цямніў лейтэнант – ня хоча аддаць мяне адразу, вось і прыдумаў, каб я паверыў, пакуль нясу. А што, калі яго ўзяць ды і скінуць з плячэй – хто яго тут знойдзе бязногага? Цьфу! Прыйдзе ж у галаву такая д’ябальшчына. Зраблю такое – Бог пакарае. Мушу паверыць яму”. Ад гэтых думак Сьцяпан Пятровіч аж прыпыніўся.
–Давай, Сьцёпа, адпачнём, хоць ужо недалёка. Вунь і мурагі, – ля вуха пачуўся голас лейтэнанта. – Дацягнемся да іх і перадыхнем.
Праз колькі дзясяткаў метраў пад нагамі з травы пачала выціскацца вада, запахла гнільлю.
Ля мурагу прыселі на сухое месца – угадваўся ў рэзаку падок былога стажка. Сьцяпан Пятровіч памацаў рукамі і адчуў спрасаванае лазовае гальлё.
–Што шукаеш? – зірнуў на яго лейтэнант і ўсьміхнуўся. – Мо абрэз?
–Стажок, відаць, тут ставілі – гальлё ў рэзаку.
–Сенца думаеш яшчэ пасьпець укасіць? Бо жонка ж, пэўна, не змагла – адна. Цяпер гаспадар паклапоціцца...
Кужэльны не адказаў лейтэнанту, а сам падумаў: “Ня веру я табе, энкавэдыст…”
Тым часам лейтэнант расшпіліў сваю скураную торбу, дастаў запісную кніжачку і стаў яе гартаць. Сьцяпан Пятровіч паглядаў на яго і працягваў маўчаць. Нарэшце той паклаў блакноцік назад і задуменна глянуў на дэмабілізаванага.
–Вось што, Сьцёпа. Ніякіх даведак я табе ня буду даваць. Пакуль ішлі, вырашыў адпусьціць цябе тут. На базу табе са мною рызыкоўна. Польская форма, атрад мой загінуў. Я паранены, прынесены на плячах чужаком. Пачнуць капацца. За сябе не трывожуся, за цябе. абавязкова ўчыняць допыт, праверку – у нас так прынята, разумееш. Хоць ты будзеш казаць праўду – не павераць, бо яна вельмі неверагодная, твая адысея. Хутчэй палічаць яе легендай, якую прыдумала варожая сьпецслужба. Зараз мы разьвітаемся. Ты зайдзі дамоў, раскажы ўсё жонцы, а праз дні два-тры схадзі ў ваенкамат, пра цябе там ніхто адразу даведвацца ня будзе, я ўпэўнены, бо такіх уваскрэслых цяпер многа – хто з палону, хто ад палякаў. Прыйшоў – і добра. Пачнуць пазьней, таму доўга дома не затрымлівайся – кіруйся ў Беласток. Там знойдзеш Шымановіча, працуе кухарам на вакзале ў рэстаране. Скажаш яму: “Я ад Ружовага”. Ён табе дапаможа на працу ўладкавацца і дакументы зробіць. Пройдзе час, Сьцёпа, і сям’ю забярэш. Ты каталік?
–Так, – ледзь вымавіў ушчэнт разгублены Кужэльны.
–Вось і добра – Сталін хутка палякаў з Усходу ў Польшчу адправіць. А цяпер – бывай, пакутнік.
–А як жа ты?
–Не хвалюйся. Ты адыдзеш, я пачну страляць – пачуюць на базе, прыбягуць.
–Лепш забіце тут, у гэтым балоце, – заплакаў Кужэльны. – Не хачу, каб у сьпіну.
–Ты што, Сьцёпа, – задрыжэлі рукі ў лейтэнанта. Ён прыцягнуў да сябе галаву Кужэльнага, абняў і прыціснуў да грудзей: – Як ты можаш так думаць? Ня верыш? Тады бяры пісталет, стрэліш уверх тры разы, кінь у траву зброю і бяжы дамоў.
Сьцяпан Пятровіч узяў цёплы, нагрэты сонцам пісталет, падхапіў рэчмяшок і напрасткі праз высокую траву пабег у бок Прыпяці. Сьціскаючы ў руцэ зброю, Кужэльны ляцеў як апантаны. І толькі, калі ўжо далёка адбег ад мурагоў, успомніў, што трэба страляць. У надвячоркавай цішыні стрэлы падаліся яму такімі гучнымі, як быццам ён пальнуў з гарматы. Кужэльны выкінуў зброю, і накіраваўся да ракі.
Дамоў прыйшоў ноччу. Сьвяціў высокі месяц. Вокны ў хаце былі завешаныя фіранкамі, і Сьцяпан Пятровіч вырашыў дачакацца раніцы. Асьцярожна адчыніў пуню і па знаёмай лесьвіцы залез на вышкі, дзе заўжды сушыў снапы. Памацаў насьціл, адчуў салому і стомлена апусьціўся на яе. Да раніцы праляжаў бяз сну. На душы было спакойна і радасна – здавалася, што прылёг тут, каб адпачыць пасьля цяжкай працы. Адчуваньне, што ён дома, прыемна лашчыла сэрца.
На кроквы ўпаў сьвітанак. Замычэла карова. Зарыпелі дзьверы ў хаце, і нехта пайшоў да хлява. Грукнула вечка дайніцы, і пачуўся жончын голас. Сьцяпан Пятровіч усхапіўся, спусьціўся на ток і прыадчыніў дзьверы.
–Наста! – ціха паклікаў ён жонку. Тая выскачыла з хлява і закрычала:
–Хто ты?
–Гэта я, Сьцёпа!
–Сьцяпанку, – ускрыкнула Насьця і стала апускацца на росную траву.
–Не палохайся! – падхапіў яе Кужэльны. Яна глядзела на яго і дрыжэла:
–Ты?.. Жывы?
–Жывы.
Насьця прыпала да яго грудзей і зайшлася ад плачу.
* * *
У ваенкамат Кужэльны прыйшоў праз тыдзень. Яго без усялякіх пытаньняў паставілі на ўлік і выдалі ваенны білет. Інвалід лейтэнант толькі зазначыў, ставячы пячатку ў білеце:
–Нашых многа апынулася ў палякаў. З маёй роты, а мы стаялі ля самай Віслы, таксама ўзялі цэлы ўзвод.
Кужэльны вяртаўся з Петрыкава ў добрым настроі. Яму здавалася, што ўсе ягоныя трывогі і страхі мінулі.
–Табе паверылі, Сьцёпачка, – тулілася ноччу да яго шчасьлівая Насьця. – Усё абышлося, і не патрэбна табе тая Польшча.
–Ці я не ваяваў, ці забіў каго? – пераконваў сябе Сьцяпан Пятровіч і з цягам часу канчаткова ўпэўніўся, што ніхто яго ня будзе шукаць.
За Кужэльным прыехалі праз чатыры месяцы ноччу. Праз сон ён пачуў стук у вакно, адхіліў фіранку і ўбачыў на двары легкавік.
–Хто там? – прачнулася Насьця.
–Гэта па мяне, – Кужэльны падняўся і адчыніў дзьверы. У хату ўвайшло трое з аўтаматамі. Першы праверыў ваенны білет і паклаў яго ў кішэнь.
–Вы арыштаваны! Зьбірайцеся.
Кужэльны сабраў свой рэчмяшок, абняў Насьцю:
– Бывай, любая! Я вярнуся...
ВЫБАР
Апавяданьне
Ганна Сьцяпанаўна пякла аладкі. За акном была непраглядная завіруха. За печчу спаў унук Васёк. Бабуля глянула на яго ложак, на ходзікі на сьцяне: сем гадзін раніцы. «Сьпіць… Ня ведае, што мама прыедзе зь лесу зь дзедам Андрэем, а то ўжо быў бы на падаконьніку, углядаўся на падворак, чакаў маму».
Хутар Андрэя Чырванца месьціўся ў нізінцы ля гаю. Улетку пабудовы амаль цалкам хаваліся за гонямі жыта, якое Андрэй заўжды сеяў на палосцы ўздоўж гаю. Узімку сядзібу таксама цяжка заўважыць з адзінай тут грунтоўкі, якая выходзіла зь лесу.
Сёньня Васёк — імяніньнік, таму бабуля пячэ аладкі. Зь вечара Чырванец падаўся да мясцовых партызан, куды на другі год вайны пайшла дачка Чырванцовых Маня, пакінуўшы бацькам чатырохгадовага Васька. Маня стала партызанкай, а брат яе запісаўся ў паліцыю. Ганна Сьцяпанаўна вочы выплакала, што родныя дзеці зрабіліся адзін аднаму ворагамі. Счарнеў, змарнеў сам Чырванец. Пры панах Манін брат Барыс служыў у мясцовага пана лесьніком. Меў сваю хату, поле, жонку Юлю, дачку Ліду, тры гадочкі ёй было. Маня пры панах вучылася ў Гародні ў гімназыі. У 1939 годзе закончыла вучэльню, няблага ведала англійскую й нямецкую мовы, займела спэцыяльнасьць — акушэрка. Савецкая ўлада прынесла ў сям’ю Чырванцоў і радасьць, і разлад, і гора. Маня нарадзіла хлопчыка ад невядомага бацькам нейкага афіцэра-пагранічніка. Барысаву сям’ю зімою 39-га павезьлі ў высылку ў Казахстан. У дарозе жонка і дачка памерлі. Іх целы, і яго самога, амаль беспрытомнага, падабралі ў стэпе недалёка ад чыгункі казахі — пагоншчыкі вярблюдаў. Яны пахавалі нябожчыкаў, Барыса ж выхадзілі, пасадзілі ў вагон з пшаніцаю, які, казалі, ішоў у Нямеччыну, а значыць, праз Беларусь, далі каністру вады, сушанай бараніны, пажадалі без прыгод дабрацца дадому. Амаль месяц цягнік ішоў на захад. Увесь гэты час Барыс жыў рашучасьцю дабрацца дамоў і адпомсьціць тым, хто яго выслаў, за жонку й дачку, якія навечна засталіся ў пясках на чужыне. На паўстанку перад Брэстам, ноччу ён праз верхні люк, які казахі спэцыяльна не зачынілі, выбраўся з вагона й накаваўся ў родныя мясьціны. Бацькам і сястры не аб’яўляўся, жыў у панавым лесе, у схроне, які сам зрабіў. А неўзабаве, калі прыйшлі немцы, да Чырванца дайшлі чуткі, што Барыс жывы й служыць у Храбцах у паліцыі. Чырванцовы чакалі, што сын наведае родны дом. Час ішоў, а Барыс не прыходзіў. А восеньню таго ж 41-га й Маня стала надоўга зьнікаць з дому. Бацькі трывожыліся: куды? Неяк дачка прызналася, што яна — сувязная партызанскага атрада, які ствараецца з чырвонаармейцаў-акружэнцаў.
— Дажыліся, мы з табой, жонка, — злаваўся на дзяцей Чырванец. — У нас дома — фронт, перадавая. Сыдуцца Маня з Барысам і пачнуць між сабой бойку. А куды тады нам з унучыкам бегчы? У лес ці ў Храбцы? Скажы?!
— У лес, дзядуля, — бегаў па хаце Васёк, — там мамка.
Тое, што ўнук ведае, што маці ў лесе, старога злавала. Крычаў на дачку: «Прагаварылася, што ў лесе. Глядзі, каб малы маўчаў…»
Ганна паставіла на жар чарговую патэльню. Зірнула ў акно: там, на падворку, па-ранейшаму шугала, кружыла завея. Паспагадала мужу, як яму зараз цяжка ісьці па лесе, перахрысьцілася: «Памажы яму, Божа». Потым глянула за печ, на палок, дзе, уткнуўшыся носікам у падушку, салодка спаў унук.
Яна ўжо напякла гару аладак, апетытных, залаціста-падсмажаных. Частку іх, большую, склала ў высокую гліняную міску й паставіла ў грубку, яшчэ цёплую зь вечара. Астатнія аладкі паклала ў талерку й паставіла на стол, які месьціўся ля акна, каля самаробнага шкапчыка. Бабуля падумала: «Унук вось-вось прачнецца й пасьнедае цёпленькімі аладкамі, а я скажу яму: «Сёньня сьвята, твой дзень нараджэньня, табе пайшоў пяты гадок».
Старая горка ўздыхнула, і вочы яе напоўніліся сьлязамі. У гэты момант ў сенцах ляпнулі дзьверы й нехта ў цемры пачаў шукаць клямку, каб зайсьці ў хату. Ганна Сьцяпанаўна адчыніла дзьвяры. Перад ёю стаялі два немцы зь вінтоўкамі, у касках, захутаныя ў нейкія брудныя анучы. Яны прасіліся ў хату й паў- таралі: «Матка, кальт! Матка, кальт!»
— Не разумею, не разумею! — разгубілася бабуля.
Унук пачуў гоман, прачнуўся, сказаў з-за печы:
— Бабуля, ім холадна. Прыйшлі пагрэцца.
Гаспадыня нехаця адступіла ад дзьвярэй, а няпрошаныя госьці засьпяшаліся да печы, пачалі падстаўляць да цяпла то рукі, то плечы.
Васёк шчыра сьмяяўся, што немцы ледзь не лезуць у печ. Адагрэўшыся, немцы раптам убачылі на стале ў талерцы аладкі й пачалі прасіць: «Матка, эсэн! Матка, эсэн!» Адкрывалі рот і пальцамі паказвалі на яго. Унук аж зайшоўся ад сьмеху, бачачы, што бабуля, зусім разгубілася, не разумеючы немцаў.
— Яны кажуць табе, бабуля, каб дазволіла зьесьці твае аладкі, — урэшце патлумачыў Васёк. (Маці вучыла малога нямецкай і англійскай мовам, бачыла свайго сына адукаваным. Але галодныя немцы нават не зьвярнулі ўвагі на тое, што тут, на хутары, такая малеча сёе-тое разумее на чужой для яго мове.)
— Хай ядуць! — махнула рукой Ганна Сьцяпанаўна.
— Бітэ эсэн! — Васёк падышоў да немцаў і паказаў на аладкі на стале.
— А-а-а-а! — узрадаваліся няпрошаныя госьці, і паставіўшы вінтоўкі ў кут пад шкапчыкам каля стала, сталі, ледзь не давячыся, уплятаць бабуліны аладкі, бясконца паўтараючы: «Гут, гут».
— Кажуць, добра, бабуля, — растлумачыў ёй унук.
— А халера іх бяры. Дзе тут зразумееш гэтую немчуру агаладалую, — мовіла гаспадыня й падышла да печы, каб дастаць патэльню з аладкамі.
Немцы з прагнасьцю працягвалі есьці аладкі. Васёк вылез з-за печы, падышоў да вінтовак у куце, прыціх там. Ганна Сьцяпанаўна працягвала пячы аладкі, паглядала ў акно, дзе не сьціхала завіруха. У хаце ўсталявалася цішыня.
Але раптам гулка грымнуў стрэл. На стол пасыпаліся асколкі шкла. Немцы імгненна пападалі ніцма на падлогу, заенчылі: «Партызанан, партызанан!»
Ганна Сьцяпанаўна, як акамянела, не разумеючы, што здарылася? Адкуль стрэл? Хто страляў? Праз разьбітую шыбу на стол, у хату, сыпаўся сьнег.
Васёк, зразумеў, што адна вінтоўка, калі ён пальцам націснуў на кручок пад руляю, стрэліла ў акно, бачыўшы, як перапалохаліся немцы, засьмяяўся. Бабуля, узрадаваўшыся, што Васёк жывы, з палёгкай уздыхнула. Немцы, мабыць, таксама зразумеўшы адкуль стрэл, падняліся з падлогі й кінуліся ў кут да сваіх вінтовак. Адзін пачаў крычаць на Васька, ухапіў яго за вуха, выцягнуў на сярэдзіну хаты й стаў біць рукою па мяккім месцы. Хлопчык заенчыў, закрычаў ад страху й болю. Ганна Сьцяпанаўна схапіла чапялу й кінулася абараняць унука. Крыкі й плач Васька пачулі Андрэй з дачкою, якія тым часам зайшлі на падворак. Яны засьпяшылі ў хату. Маня рванула дзьверы, адчыніла іх і, убачыўшы маці, якая наступала з чапялой на немцаў, закры- чала: «Хэндэ хох!» і стрэліла ўгару. Сын, убачыўшы яе, кінуўся ёй на рукі: «Мамачка! Мамачка!» Ганна Сьцяпанаўна стала расказваць, што тут адбылося. Немцы, выкарыстаўшы спрыяльны для іх момант, высьлізгнулі на вуліцу паўз гаспадара, які ўваходзіў у хату, зьніклі ў сьнежнай каламуці. Маня сказала Ганьне Сьцяпанаўне, што хутар давядзецца, пэўна, пакінуць, мо й зусім: немцы такога не даруюць, трэба чакаць расплаты.
— Куды мы з унучыкам зімою? — загаласіла маці.
— Да сына, у Храпцы! — злосна мовіў Андрэй Чырванец. — Можа, не расстраляе бацьку й пляменьніка. Заступіцца за нас перад немцамі. Кажуць, ён там, у Храпцах, за начальніка. Заўтра зьбяромся й паедзем. Манін камандзір патрабуе, бо, кажа, немцы рыхтуюць сур’ёзную блакаду. Яны нават зьнялі з фронту спэцыяльныя часьці. Партызан пакуль мала, будуць адыходзіць, сказаў камандзір, таварыш Часнакоў. Пойдуць на злучэньне з брыгадай Петрака. Гэта глыбокае Палесьсе. Туды не пойдуць карнікі — дрыгва.
Маці разгублена глядзела на дачку, а тая зацята маўчала, адчуваючы віну перад бацькамі й сынам, які ў гэты момант пачуваў сябе шчасьлівым, бо дзед, бабуля й мама зь ім тут, у цёплай хаце, будуць сьвяткаваць дзень ягоных наро- дзінаў. Чырванец маўчаў, глядзеў у акно: ці не зьявяцца, ачомаўшыся, немцы. Ён убачыў, як на падворак заехалі сані, пазнаў у іх сына.
— О, лёгкі на ўспамін, нарэшце сын зьявіўся. Ты, Маня, за печ схавайся, крый божа, пачнеце страляць, — Чырванец накаваўся сустрэць сына.
Той зьлез зь лёгкіх шляхетных польскіх саней, павесіў на плячо нямецкі аўтамат, упэўнена ступіў на ганак роднай хаты й адразу трапіў у бацькавы абдымкі. Заплакалі абодва, ступілі ў хату.
Ганна Сьцяпанаўна таксама кінулася цалаваць сына.
— Я ведаю пра вас усё, — сказаў Барыс, — але пра гэта потым. Давайма спачатку нагледзімся адзін на аднаго. А Маня дзе?
— Тут, сынок, тут. Схавалася за печчу, каб чаго не выйшла, — патлумачыў бацька. — Бо ты ў паліцыі, а яна...
— Які я паліцай, дазнаецеся калі-небудзь, — сказаў сын. — А цяпер раскажыце, як жывяце.
Пачуўшы гэта, Маня з Васьком выйшла з-за печы, абняла брата:
— Як жа доўга, браток, ты ішоў дахаты. А ў майго сыночка, твайго пляменьніка, сёньня дзень нараджэньня…
Барыс пасадзіў сабе на калені пляменьніка, пагладзіў па галоўцы й успомніў:
— Чакайце, я ж гасьцінец вам вёз. Тата, калі ласка, ідзі, вазьмі з саней мяшэчак. Там сала, каўбаса, арэхі. А я з пляменьнікам пабуду.
— Потым, потым, — сказаў бацька. — Перакусім нашым, а там…
Пасьнедалі аладкамі. Барыс раптам, нібы ні з таго ні зь сяго заплакаў.
— Што здарылася, сынок? — захвалявалася маці.
Барыс выцер сьлёзы, сказаў:
— Ды нічога. Проста даўно ўсіх вас не бачыў. А як вы?
Маці стала расказваць, што сёньня да іх прыйшлі немцы. Пра тое, як Васёк стрэліў зь іх вінтоўкі, як яны зьбеглі.
— Зьбеглі? — перапытаў Барыс. — І ты, Маня, стрэльнула?
— А што мне было рабіць?
— Дрэнна, дрэнна, — сказаў Барыс і як загадаў: — Зьбірайцеся хутчэй, паедзем да мяне, у Храпцы. Калі так, немцы вось-вось заявяцца.
— Манін камандзір, таварыш Часнакоў, казаў пра гэта. Мы думалі заўтра ехаць, — прамовіў бацька.
— Таварыш Часнакоў праўду вам, тата, сказаў. Я сёньня толькі што ад яго.
— Як ад яго? — захвалявался Маня.
— Усё растлумачу потым, а цяпер зьбірайцеся. Тата, садзі ўсіх у сані й — ў Храпцы. Ты, Маня, таксама паедзеш зь імі. Скажаш майму намесьніку Піліпчыку, што прыехалі ад мяне, а я тут застануся. Я ж — паліцай… Жывёлу дагледжу, не дам хутар спаліць, разрабаваць.
Чарванец зразумеў сына, зрабіў, як той казаў і пагнаў ягонага варанога з месца галопам.
Сані з алюмініевымі палазамі ішлі лёгка па нерушы, у зьляжалым глыбокім сьнезе нават не прабівалі каляю. Андрэй каваў на Храпцы, да якіх было вёрст дваццаць.
Барыс тым часам сядзеў у бацькавай хаце. Яму хацелася есьці й ён шкадаваў, што стары не выняў з саней яго гасьцінец, дзе й пяршак. Ён стаяў ля акна, глядзеў на замеценую, бязьлюдную дарогу й трывожыўся за бацькоў, Маню й пляменьніка. Заўважыў, што мяцеліца, якая бушавала другія суткі, пачала сьціхаць, пасьвятлела.
«Добра будзе, калі тата здагадаецца ехаць у Храпцы праз Залесьсе», — думаў Барыс, гледзячы на замеценую грунтоўку, — гэтым шляхам наўрад ці напорашся на якую гестапаўскую групу: густы лес, яны яго баяцца. Хаця зараз немцы шнараць паўсюль. Рыхтуюцца да карнай апэрацыі.
Барыс выйшаў у сенцы і, убачыўшы на лаўцы свой мяшэчак з харчам, узрадаваўся — бацька усё ж выняў з саняў.
Ён узяў мяшэчак, зайшоўшы ў хату, зірнуў праз акно на грунтоўку. Там клубілася белае воблака, адтуль чуўся гул матора.
«Гэта ж Манзаген, групэнфюрэр са сваёй камандай на фінскіх аэрасанях ляціць сюды», — здагадаўся начальнік храпцоўскай паліцыі.
Ён паставіў мяшэчак на лаўку ля стала й крыху праверыў свой нямецкі аўтамат.
Калі Ота Манзаген з аўтаматчыкамі ўскочылі ў хату, ён аслупянеў, убачыўшы начальніка храпцоўскай паліцыі, якога крыху ведаў:
— Што ты тут робіш? — спытаў па-руску гестапавец.
— Тое, што й вы, групэнфюрер Манзаген. Чакаю партызанаў! Хаця, гэта мой дом.
— У гэтым доме нядаўна адбыўся інцыдэнт, — сказаў гестапавец, — ты пра гэта ведаеш?
— Ведаю. Толькі гэта ніякі не інцыдэнт: вашы салдаты пакінулі зброю без нагляду. Дзіцянё гуляла, стрэліла… А потым тут сапраўды былі партыза- ны. Але пакуль я прыехаў, зьніклі. Чакаю, можа, вернуцца.
Манзаген крыху памаўчаў, потым нечакана загадаў аўтаматчыкам выйсьці ў двор, вартаваць аэрасані. Імі ён вельмі даражыў. Калі быў у фінаў — яны і падарылі яму іх.
— Запалі сьвятло, — загадаў гестапавец, — вечарэе.
Барыс запаліў лямпу-пяцілінейку. Манзаген шныраў вачыма па хаце й раптам заўважыў на сьцяне рамку з фатаграфіямі. На адной фотцы была зьнята Маня з маленькім сынам на руках: Васільку там быў усяго годзік.
— А гэта хто? — паказаў гестапавец на фотку.
— Маня, сястра мая з сынам.
— Маня?! — зьдзіўлена перапытаў Манзаген.
— А што? — насьцярожыўся Барыс.
— Дзе яна? — адышоў ад фатаграфіі Манзаген і паглядзеў на Барыса.
— У партызанах.
— У партызанах? — яшчэ больш зьдзівіўся гестапавец.
— Так, у партызанах. А я ў паліцыі.
— Чаму не арыштаваў? — закрычаў Манзаген.
— Дык ты ж прыехаў арыштаваць яе, так?
— Гэта функцыя ваша, паліцыі. У нас — злавіць апергрупу рускіх, якая прыляцела з-за фронту. І мы яе знойдзем. Камандуе ёю нехта палкоўнік Масквін.
Барыс усьміхнуўся, паглядзеў на гестапаўца й сказаў:
— Супакойся, пан гестапавец. І мая сястра Маня, і палкоўнік, камандзір апэргрупы, са сваімі людзьмі ўжо сядзяць у нас.
— У вас?! — аж падзкочыў Манзаген. — Едзем — я забяру іх. Гэта ж такая ўдача.
— Так я вам і аддам. Вы рыцарскі крыж зараз жа атрымаеце, а мне што?
— Табе, табе, — гестапавец ня ведаў, што сказаць, а потым знайшоўся, — табе маркі, таксама ўзнагарода. Едзем хутчэй.
— Пасьпеем. Нікуды яны не дзенуцца. Я хачу есьці, — стаў разьвязваць мяшэчак Барыс. — І вы садзіцеся за кампанію. Пачастую вас, пан Манзаген, беларускім салам, кілбасой і першаком. А потым паедзем.
Немец задаволена прысеў да стала. Барыс нарэзаў сала, наліў самагонкі. Спытаў у немца, чаму іх зьнялі з фронту.
— Па загадзе фюрэра, — адказаў той. — Блакада задушыць тут партызан і мы вернемся назад. Гэтым летам фюрэр нанясе апошні рашучы па бальшавіках удар.
— Баюся, што ня будзе так, як думае пан Гітлер. Пад Масквою — парад, Сталінград, Ленінаград — ніяк не возьмуць. Тут, пэўна, час думаць, куды дзецца, калі бальшавікі прыйдуць сюды. Куды дзецца мне? Павесяць.
Манзаген узяў шклянку, выпіў.
— Застрэлішся, калі так будзе, — сказаў чыста па-руску гестапавец. — Ты ж для сваіх — здраднік! Едзем пакуль не позна. Мне трэба Маня!
Барыс бачыў, што Манзагену размова на гэтую тэму не падабаецца. І раптам ён зразумеў, што гэта ж Маньчын пагранічнік!.. Во сытуацыя. Мо яго тут шлёпнуць і нічога сястры не сказаць, каб не пакутавала? Яна ж лічыць, што ён загінуў у першы дзень вайны. Хай Маня так і лічыць. Аднак праз колькі хвілін Барыс вырашыў, што зьнішчаць гестапаўца яму нявыгадна: калі немцы даведаюцца, што ён з партызанамі меў кантакты, дык будуць дапытваць, а потым самі ліквідуюць яго. Няўжо ён не зразумее гэтага?..
…Неўзабаве пад’ехалі да Храпцоў.
— І гэта твая цытадэль? — спытаў у Барыса гестапавец, выключыўшы матор перад шлагбаумам, за якім былі двое паліцаяў з аўтаматамі.
— Мая, — сказаў Барыс і вылез з аэрасаней, паклікаў дзяжурнага афіцэра ў нямецкай палявой форме. Калі той падышоў, ён ціха мовіў: «Аўтаматчыкаў пакарміць і абяззброіць. Далей — згодна з абстаноўкай і маім загадам».
Гестапавец уважліва разглядаў высокі земляны вал, якім быў абнесены паліцэйскі гарнізон: некалькі звычайных вясковых хат, чатыры кулямётныя вышкі па кутах, акопы.
— Умацаваўся, як у Сталінградзе, — зьдзіўляўся Манзаген.
— А як жа? Вайна… — адказаў Барыс.
Манзаген насьцярожыўся, але прамаўчаў. Барыс узяў яго пад руку:
— Пойдзем да мяне, перадам вам па пратаколе затрыманых. І гуляй, Вася! Манзаген уздрыгнуў, пачуўшы «Вася».
«Так, гэта ж Маньчын пагранічнік», — канчаткова ўпэўніўся Барыс, ведучы гестапаўца.
Яны падышлі да адной з хат, прайшлі міма вартавога, неўзабаве апынуліся ў пакоі. Вялізны стол пад зялёным сукном, тэлефоны, мяккія крэслы.
— Сядайце, будзьце як дома. Гарбаты, кавы?
— Не, давай справу зробім і я паеду.
— Справу дык справу, — сказаў Барыс і паклікаў дзяжурнага.
— Слухаю, — мовіў той.
— Масквіна й яго людзей да мяне!
Праз колькі хвілінаў у пакой разам з аўтаматчыкамі зайшоў Масквін. Манзаген аслупянеў, убачыўшы, што яны ніякія не арыштаваныя.
— Знаёмцеся, — усьміхнуўся Барыс.
— Групэнфюрэр Ота Манзаген, — вяла сказаў гестапавец.
— Палкоўнік Савецкай Арміі Сьцяпан Масквін.
— Камандзір партызанскага атрада «Баявы» — Барыс Андрэевіч Чырванец, — сказаў «начальнік» храпцоўскай паліцыі. — Вось і пазнаёміліся.
Манзаген лыпаў вачыма, усё яшчэ не да канца разумеючы, што адбываецца. Намацаў пісталет у кішэні.
— Спакойна, Васіль Казанцаў, — перапыніў яго Барыс.
— Я Манзаген, групэнфюрэр…
— Кіньце, былы капітан. Вы са жніўня сорак першага ў немцаў. Групэнфюрэра заслужылі за свае карныя дзеяньні на Смаленшчыне. Мы ўсё пра цябе ведаем. Цябе чакае расплата. Наша. Ды калі цябе адпусьціць, твае ж хаўрусьнікі — гестапаўцы, даведаўшыся, што сустракаўся з Масквіным і не арыштаваў яго, з табой хутка разьбяруцца.
— У вас, капітан, усё ж ёсьць выйсьце. Вы яшчэ можаце паспрабаваць паслужыць Радзіме, свайму сыну, яго маці, калі зробіце тое, што мы зараз прапануем, — сказаў Масквін.
— Што? — спытаў Манзаген. Масквін не пасьпеў адказаць, бо ў гэты момант у пакой увайшла Маня й паведаміла:
— Таварыш палкоўнік — наш плян дэзінфармацыі немцаў спрацаваў: іх танкі рухаюцца на Млыновыя тоні.
— Куды?.. — захваляваўся гестапавец.
— На Млыновыя тоні.
— Ты?! — закрычала Маня. — Ты з намі?
Манзаген як не пачуў яе, ускочыў на падаконьнік, які быў якраз насупраць стала начальніка паліцыі, выбіў раму й выскачыў на вуліцу.
— Стой! — амаль разам закрычалі Масквін і Барыс і пачалі страляць па ўцекачу. Ён пятляў, бег да брамы. Маня глядзела яму ўсьлед і раптам, зразумеўшы, хто ён такі, выхапіла свой наган і стрэліла. Той упаў на спрасаваны машынамі сьнег…
Крыніца: глядзі тут.